|
|
Радыё Рацыя сёння наведала гісторык, доктар Лена Глагоўская. І гутарка пойдзе пра кніжку “Увесь свет Мацея Канапацкага".
РР: - Той, хто цікавіўся грамадска-палітычным жыццём у Беластоку на прыканцы 50-х - 60-я гады, павінен быў пра Мацея Канапацкага чуць.
Лена Глагоўская :
- Сапраўды прозвішча Мацея Канапацкага было вельмі яркае і вядомае ў 50-60-я гады ў Беластоку. Варта сказаць, што Мацей Канапацкі пачынаў беларускія перадачы ў Беластоку ў 1958 годзе. У Беластоцкім радыё быў кіраўніком беларускай рэдакцыі і першым беларускім рэдактарам. На той час не было нікога іншага, хто б валодаў літаратурнай беларускай мовай. Таму спадар Ваўкавыцкі паслаў яго з "Нівы" на радыё. Бо пісаць маглі многія, а размаўляць на беларускай мове - не кожны.
РР: - Дарэчы, Мацей Канапацкі па нацыянальнасці татарын, з мусульманскай сям'я Вялікага Княства Літоўскага, якая спрадвеку мела дачыненне і да беларускага руху, і валодала беларускай мовай. След згадаць толькі бацьку Мацея Канапацкага Гасана, які ствараў беларускае войска пры войску Юзэфа Пілсудскага.
Лена Глагоўская :
- Так, таму не проста так напачатку ў кнізе пададзены артыкул пра Гасана з 1993 года з "Нівы", калі я адкрыла для сябе асобу Гасана Канапацкага. Нават памятаю з канца 80-х гадоў у беларускім клубе Гданьска такое здарэнне, калі туды прыходзіў Мацей Канапацкі як беларускі дзеяч. І раз я запытала ў яго, ці мае што агульнае ён з Гасанам Канапацкім. А ён адказаў, што так, што гэта яго бацька. Аказваецца, на той час гэта была постаць, абсалютна невядомая. І пасля ў першым нумары "Беларускіх гістарычных сшыткаў" я напісала навуковы артыкул пра Гасана Канапацкага. І з таго часу, так можна сказаць, ён стаў больш вядомым, чым яго сын Мацей Канапацкі.
Калі казаць пра жыццё сям'і Канапацкіх у міжваенны час, то яго нельга назваць лёгкім з матэрыяльнага боку. З гэтага вынікала часам і заблытанасць у беларускім руху ў сям'і. Але гэта сям'я была аддана беларускай справе. І як падкрэсліваў сам Мацей, ён выхоўваўся ў беларускай стыхіі, дзе беларускасць была чымсьці натуральным, калі да іх прыходзілі Францішак Аляхновіч, Браніслаў Туронак і іншыя беларускія дзеячы і калі гучала беларуская мова. У час вайны Мацей вучыўся ў беларускай гімназіі, быў вучнем Францішка Грышкевіча, які быў на той час дырэктарам, выкладаў беларускую мову, стылістыку і літаратуру.
РР: - Таму малады Мацей, ужо студэнт русістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, натуральна, калі з'яўляецца беларускае грамадска-культурнае таварыства, калі ўзнікае "Ніва", уключаецца ў гэты працэс. І шкадуе толькі, што бацька да гэтага не дажыў.
Гутарыў Мікола Ваўранюк.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле