|
|
Цырымонія ўручэння літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца адбудзецца ў запланаваную дату - 3 сакавіка, не гледзячы на ўсе складанасці палітычнай сітуацыі і змушаны ад’ез з Беларусі польскага амбасадара Лешака Шарэпкі.
“Літаратурная прэмія Гедройца, як і планавалася, будзе ўручана ў міжнародны дзень пісьменніка,” - паведаміў радца і прэс-сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі Павел Марчук. Польскі бок арганізатараў прэміі на цырымоніі прадставіць дырэктар Польскага інстытута ў Мінску, радца-пасланнік Пётр Казакевіч. Абяруць лепшага пісьменніка 2011 года сябры журы ў складзе аўтарытэтных польскіх і беларускіх літаратараў. Нягледзячы ні на што, прэмія імя Ежы Гедройца мусіць стаць адной з галоўных падзей бягучага літаратурнага года. Кажа адзін з арганізатараў прэміі, старшыня беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч.
– Прэмія заіснавала як нешта жывое і са знакам плюс, і са знакам мінус. Нейкія скандалы, звады і гэтак далей. Але супадзенне фактараў выклікала сустрэчную рэакцыю. Прэмія Гедройца зрабілася чымсьці прэстыжным.
Выніковае паседжанне журы прэміі адбудзецца акурат напярэдадні цырымоніі ўручэння. Сама ж цырымонія адбудзецца 3 сакавіка а 17 гадзіне. Як паведамляе беларускі ПЭН-цэтр, дакладнае месца правядзення цырымоніі ўручэння прэміі дасюль невядомае. На сёння вядома толькі тое, што адбудзецца цырымонія ў адным з творчых асяродкаў у цэнтры Мінска. Для тых, хто трапіць на імпрэзу не здолее, арганізатарамі прэміі будзе арганізавана адмысловая онлайн трансляцыя падзеі ў інтэрнэце.
Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск