Прэзентавалі двухтомнік "Браслаўшчына. Памяць і сучаснасць"

Прэзентавалі двухтомнік "Браслаўшчына. Памяць і сучаснасць"


У Мінску прэзентавалі ўнікальную працу беларускіх і польскіх навукоўцаў – “Браслаўшчына. Памяць і сучаснасць”. Выхаду двухтомнага выдання папярэднічалі 14 з паловай гадоў працы лінгвістаў і гісторыкаў, як у навуковых кабінетах, так і ў экспедыцыях у рэгіён.

На прэзентацыі ў БДУ чакаўся выступ рэдактаркі працы – знакамітай сярод даследчыкаў-лінгвістаў Альжбеты Смулковай, але з-за цяперашняга канфлікту беларускага рэжыму з Еўразвязам яе прыезд стаўся немагчымым. Шматлюдная аўдыторыя вітала адсутную ў Мінску Альжбету Смулкову апладысментамі.

Напярэдадні прэзентацыі адна з аўтарак кнігі, супрацоўніца Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ірына Будзько па тэлефоне размаўляла з Альжбетай Смулковай, якая папрасіла перадаць наступнае.

Кажа Ірына Будзько:

- Гэта не проста вынік працы спецыялістаў розных галін з розных краін. Гэта вынік паразумення лінгвістычных школ. З аднаго боку - нашай акадэмічнай. З другога боку - філалагічнай, якая ствараецца тут, у філалагічным універсітэце, якая камунікатыўная лінгвістыка перадусім. І з трэцяга боку – гэта польская філалагічная школа, за якой столькі прац, прысвечаных пальшчызне крэсовай.

Выданне было арганізавана Польскім Інстытутам у Мінску і кафедрай тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства БДУ. Кніжка надрукавана Варшаўскім універсітэтам.

На жаль, у продаж у Беларусі даследаванне не патрапіць. Некалькі асобнікаў будуць скіраваныя ў бібліятэкі. Набыць кнігу дзеля асабістага карыстання беларускія навукоўцы збіраюцца ў Варшаве.

* * *

Падчас прэзентацыі ў Мінску ўнікальнай працы беларускіх і польскіх навукоўцаў – “Браслаўшчына. Памяць і сучаснасць” – ад беларускіх гісторыкаў прагучала прапанова аб неабходнасці даследавання іншых транспамежных рэгіёнаў.

Дырэктар Інстытуту Польскага ў Мінску Пётр Казакевіч паведаміў Рацыі, што прапанова будзе падтрыманая польскім бокам.

- Гэта абавязак – працягваць гэтую працу. Таму што яна стваралася праз шмат гадоў, і цяпер вынік гэтай працы паказвае, што гэта не чарговая кніга, а гэта падмурак, гэта піянерская праца, якая вызначае новыя нечаканыя накірункі ў лінгвістыцы.

Рыгор Сапяжынскі, Радыё Рацыя

Фота budzma.org

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя