|
|
Першыя кнігі “Бібліятэкі беларускага калегіума”
У Мінску прэзентаваныя першыя кнігі “Бібліятэкі беларускага калегіума”. Серыю беларускага кішэннага інтэлектуальнага чытва адкрываюць выданні філосафа Алеся Анціпенкі і памерлага ў мінулым годзе палітолага Віталя Сіліцкага.
«Адкладзеная свабода» — выданне аднаго з найбольш важных тэкстаў Віталя Сіліцкага, у якім на аснове параўнальнага аналізу апісваюцца працэсы фармавання аўтарытарных рэжымаў у Сербіі і Беларусі.
Па словах аднаго з аўтараў серыі Валера Булгакава, «Адкладзеная свабода» Сіліцкага – тэкст, які мусіць прачытаць кожны сучасны беларускі палітык.
– У 2003 годзе на старонках «ARCHE» з'явілася першая накідная публікацыя, якая параўноўвала аўтарытарызм пры Слабадане Мілошавічы ў 90-я гады ў Сербіі і аўтарытарызм беларускі. У гэтай кнізе мы бачым увесь талент, я не пабаюся гэтага слова, генія Віталя Сіліцкага. Яна чытаецца цяпер, у 2012 годзе, на адным дыханні. Нібыта, сапраўды, яна не напісаная 10 гадоў таму назад, нібыта аўтар скончыў працу над ёй даслоўна ўчора.
Другая кніга серыі «Быць (пры)сутным» Алеся Анціпенкі складаецца з тэкстаў, што рэпрэзентуюць праблемы беларускай ментальнасці ды фармавання сучаснага грамадства.
Аўтары серыя “Бібліятэка беларускага калегіума” маюць на мэце ў далейшым пазнаёміць чытачоў з тэкстамі вядомых айчынных інтэлектуалаў, створаных цягам апошніх 10-15 год. Сярод будучых аўтараў серыі Сяргей Харэўскі, Максім Жбанкоў, Уладзімір Мацкевіч, Валянцін Акудовіч ды іншыя.
Радыё Рацыя, Мінск
Фота Радыё Рацыя