Бібліятэка Беларускага Радыё Рацыя

Некалькі словаў пра Бібліятэку Беларускага Радыё Рацыя


Ужо колькі гадоў Радыё Рацыя, акрамя сваёй наўпроставай дзейнасці, займаецца таксама выдавецтвам. Бібліятэка Беларускага Радыё Рацыя ахоплівае аўтараў, звязаных так ці іначай з беларуска-польскім памежжам і самым радыё.

Пра гэта гутарым са старшынём Управы Беларускага Радыё Рацыя Яўгенам Вапам і заснавальнікам серыі “Трансгранічныя сцежкі”, Марцінам Рэмбачам (Цэнтр Грамадзянскай Адукацыі Польшча-Беларусь).

Яўген Вапа: Калі Радыё Рацыя развіваецца, калі Беларускае Радыё Рацыя ёсць тым праектам, які дзейнічае на польска-беларускім памежжы, то з гэтага вынікаюць і іншыя сферы дзейнасці вакол радыё. Адным з такіх напрамкаў, які мы хочам бачыць, і я хачу бачыць асабіста, ёсць праект музычных трансляцый, а другім – інтэлектуальнае аздабленне нашага радыё. Хочам, каб тыя людзі, які звязаныя з нашым радыё, тыя перадачы, якія гучаць у нас, каб яны мелі яшчэ і выгляд друкаванага слова. І гэта сусветная практыка, калі радыё, акрамя медыйнай дзейнасці, вядзе яшчэ і дзейнасць выдавецкую. У нас ёсць шмат перадачаў, вартых выдання, праўда, тут узнікаюць фінансавыя праблемы. Але я заўсёды буду шукаць сродкаў, каб бачыць выдавецтва ў планах нашага радыё, як важнай і больш шырокай установы нашага памежжа, як установы памежжа.

У Бібліятэцы Радыё Рацыя ўтварылася асобная серыя “Трансгранічныя сцежкі”, ініцыятарам стварэння якой з’яўляецца Марцін Рэмбач.

Марцін Рэмбач: У нас была такая сітуацыя, што найперш былі кніжкі, а потым узнікла ідэя стварэння серыі. Хаця, тут трэба заглянуць яшчэ глыбей і прыгадаць, што Віктар Сазонаў свае апавяданні пачаў публікаваць у тыднёвіку беларусаў у Польшчы “Ніва”, і наколькі я памятаю, гэта адбывалася з ініцыятывы Яўгена Вапы. Такіх апавяданняў сабралася каля трыццаці і “Ніва” выдала гэтую серыю апавяданняў кнігай “Занатоўкі кантрабандыста”. Я ў пэўным моманце пачаў перакладаць гэтыя апавяданні на польскую мову. Потым аказалася, што Міхаіл Андрасюк напісаў сваю выдатную кнігу “Вагон другога класа”, адначасна Віктар пісаў свае “Суседскія былі”, якія друкаваліся ў “Ніве”. З гэтага матэрыяла і пачала стварацца серыя.

У “Трансгранічных сцежках” ў перакладзе Марціна Рэмбача выйшлі кнігі Віктара Сазонава “Занатоўкі кантрабандыста” і “Суседскія былі” і Міхаіла Андрасюка “Белы Конь”. А таксама польскамоўны твор Міхаіла Андрасюка “Вагон другога класу”.

РР: Ці можна ўжо казаць пра пэўныя вынікі і поспехі серыі “Трансгранічныя сцежкі”?

Марцін Рэмбач: На гэты момант цяжка казаць пра нейкі поспех камерцыйны, бо сістэма продажу кніг у Польшчы ў крызісе. Але мы можам казаць пра вельмі добрыя водгукі з боку лакальнага асяроддзя. Людзі, якія чыталі гэтыя кнігі, выказваюцца на іх конт вельмі добра. Таксама ёсць вялікае жаданне з боку рэгіянальных асяроддзяў супрацоўнічаць з намі, з гэтай серыяй. І ёсць вельмі пазітыўныя водгукі на кнігу Міхаіла Андрасюка “Белы конь”, калі казаць пра журы літаратурнай прэміі прэзідэнта Беластока імя Веслава Казанецкага (кніга выйшла ў фінал, абвяшчэнне лаўрэата адбудзецца 2 сакавіка).

Як перакладчык з беларускай мовы на польскую кніг Віктара Сазонава і Міхаіла Андрасюка, Марцін Рэмбач адзначае, што добра перакладаць кнігі, якія выдатна напісаныя ў арыгінале. Таксама ён заўважае, што самае важнае і самае складанае, гэта захаваць рытм і настрой аўтара і кнігі.

Яўген Вапа: Мы імкнуліся і выдавалі кнігі Віктара Сазонава і Міхаіла Андрасюка, і дапамагалі ў выданні літаратурных рэпартажаў Ганны Кандрацюк пра Анатоля Сыса. Выйшлі таксама фанаграфічныя запісы ў музычнай бібліятэцы Радыё Рацыя Алега Кабзара і Надзеі Артымовіч. Гэта на 2-3 гады колькасць немалая, але хацелася б больш.

Нядаўна ў Бібліятэцы Беларускага Радыё Рацыя выйшаў у перакладзе на польскую мову і Беларускі краязнаўчы каляндар Уладзіміра Хільмановіча.

Яна Запольская. Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя