“Будзьма беларусамі!” на One Short Film Fest

“Будзьма беларусамі!” – пераможца One Short Film Fest


Анімацыйная версія тысячагадовай гісторыі Беларусі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” стала пераможцам фестывалю One Short Film Fest у намінацыі “Анімацыя”.

Цяпер фільм-пераможца паедзе на міжнародныя фестывалі ў Маскву, Цвер, Цюрых і Нью-Ёрк. Каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Севярын Квяткоўскі лічыць перамогу на фестывалі справядлівай.

– Самае для мяне цяпер цікавае, важнае – гэта тое, што ён паедзе ў розныя краіны, як на Усход так і на Захад. Форумы форумамі, інтэрнэт інтэрнэтам, а вось калі на фестывалі паказваецца фільм, то будзе сапраўды цікава, як там публіка рэагуе.

Мультыплікацыйны фільм ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” выйшаў на маніторы краіны і цэлага свету ў межах супольнага праекта культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і партала tut.by – “Будзьма.TUT”. На дадзены момант першую спробу паказаць за пяць хвілінаў тысячагадовую гісторыю Беларусі паглядзелі амаль мільён разоў на розных рэсурсах у інтэрнэце. 28 мая споўніцца год з моманту першай дэманстрацыі анімацыйнага фільма, які ўжо стаў прэцэдэнтам у сучаснай беларускай культуры.

Аляксандр Ярашэвіч, Радыё Рацыя, Мінск

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя