|
|
У Старым Ляўкове развіталіся з паэтам Уладзімірам Гайдуком
Сябры літаратурнага аб’яднання “Белавежа”, журналісты ды родныя развіталіся з беларускім паэтам Уладзімірам Гайдуком. Творца спачыў побач бацькоў на могілках у Старым Ляўкове.
Яго творчая спадчына складаецца з чатырох зборнікаў вершаў, якія па словах старшыні літаратурнага аб’яднання «Белавежа» Яна Чыквіна, цяпер набіраюць іншы змест і іншае вымярэнне.
- Гайдук быў праўдзівым паэтам. Калі такія праўдзівыя паэты, пісьменнікі паміраюць, то іх творчасць стаецца больш несмяротнай. Усё, што ён напісаў, мае мастацкую каштоўнасць. Мастацкая каштоўнасць напісаная па-беларуску, у беларускай вопратцы набывае нацыянальную каштоўнасць. Мы сёння пахавалі біялагічна Гайдука, але духоўны Гайдук яшчэ больш узмацніўся.
Уладзімір Гайдук, сябра Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа», дэбютаваў з вершамі ў 1956 годзе на старонках «Нівы». Жыў на хутары, займаўся гаспадаркай, пісаў вершы. Памёр на 71-м годзе жыцця.