Барадулінскі нумар "Дзеяслова"

"Дзеяслоў" падрыхтаваў адмысловы Барадулінскі нумар


Народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну сёння спаўняецца 77-м год. У сваім паважным узросце, маючы праблемы са здароўем, Рыгор Барадулін працягвае пісаць. У бліжэйшы час плануецца выхад новай кнігі вершаў паэта.

Сёння ж з днём нараджэння Рыгора Барадуліна віншуюць родныя і блізкія людзі, прыхільнікі яго творчасці і калегі літаратары. Да словаў віншаванняў далучаецца і маладое пакаленне беларускіх паэтаў, між якіх Валярына Кустава.

- Ведаю, што ў яго ёсць такая адметнасць, кажа, калі я пішу, мне не баліць. То бок, усе хваробы, якія ёсць у пэўным узросце, яны адступаюць. У паэта ёсць выратаванне – паэзія. Дзядзька Рыгор – ён наш скарб, які мы ўсе павінны цяпер і заўсёды моцна захоўваць, берагчы і любіць.

Да віншаванняў Народнага паэта Беларусі не мог не спрычыніцца Саюз беларускіх пісьменнікаў. Адмыслова да дня народзінаў Рыгора Барадуліна падрыхтаваны новы нумар часопіса «Дзеяслоў». Выданне ў большай ступені прысвечана творчасці Рыгора Барадуліна. Як заўважыў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, асаблівай прыемнасцю для Барадуліна можа стаць і тое, што на старонках новага «Дзеяслова» побач з яго вершамі надрукаваная невядомая дагэтуль аповесць Васіля Быкава, сябры і паплечніка Рыгора Барадуліна. У дадатку да часопіса змешчаны DVD з дакументальным фільмам рэжысэра Віктара Корзуна «Эпоха Барадуліна». Да віншавання з днём нараджэння Рыгора Барадулі далучыліся сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў і шматлікія беларускія літаратары.

Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя

Фота udf.by

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя