Леанід Несцярчук сустрэўся з чытачамі

Леанід Несцярчук сустрэўся з чытачамі


У Брэсце адбыліся сустрэчы з гісторыкам, аўтарам кніг пра Напалеона Орду, Тадэвуша Касцюшку і Станіслава Панятоўскага Леанідам Несцярчуком. Удзельнікі мерапрыемстваў былі розныя - ад студэнцкай моладзі да прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў.

Сябры рускага таварыства зацікавіліся апошняй працай Леаніда Несцярчука “Станіслаў Аўгуст Панятоўскі: манарх, асветнік, мецэнт”. Адмыслова для іх прайшла прэзентацыя фільма па кнізе. Гісторык, кажа, што попыт на такія кнігі ёсць:

- Пісаць трэба праўдзівую гісторыю, якая б яна не была – дрэнная, чыстая, апаганеная – але гэта наша гісторыя. Яе пісаць трэба дастаткова смела, вызваляць ад непатрэбных напластаванняў, і стаць на шлях нацыянальнай гісторыі, таму я займаю такую пазіцыю, і я не памыліўся, шмат каму я адкрываю вочы на сваю гісторыю, на сваю Бацькаўшчыну.

Знайсці ў кнігарні выданні Леаніда Несцярчука складана, бо нават апошнюю кнігу пра Станіслава Панятоўскага разбіралі на заказ. Аўтар упэўнены, што калі ствараць якасны беларускі прадукт, то попыт будзе.

Зміцер Кісель, Радыё Рацыя.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя