|
|
Сёлета самы старажытны горад Беларусі Полацк адзначыць сваё 1150-годдзе. Прычым юбілей будзе святкавацца на міжнародным узроўні, бо ЮНЕСКА ўключыла гэтыю падзею ў каляндар памятных дат 2012-2013 гадоў.
У Беларусі яшчэ летась быў створаны адмысловы рэспубліканскі арганізацыйны камітэт, які распрацаваў праграму святочных мерапрыемстваў. Выдавецтва “Беларусь” рыхтуе да юбілею вялікі фотаальбом, тэксты да якога напісаў вядомы гісторык і археолаг Сяргей Тарасаў:
- Зараз вельмі актыўна працуем над фотаальбомам па Полацку да юбілею з маім тэкстам. Фотаздымкі - Ігара Супранёнка. Альбом выйдзе ў выдавецтве "Беларусь". Тэкст, мной напісаны, амаль на 40 старонак, будзе, натуральна, на 3 мовах, пры гэтым першыя дзве будуць мае, а хто зробіць пераклад на ангельскую - будзем шукаць.
Урачыстасці з нагоды 1150-годдзя Полацка стартуюць увечары 25 траўня і працягнуцца па 5 чэрвеня. Запланаваны дзясяткі розных мерапрыемстваў - ад канцэртаў да навуковых канферэнцый.
На полацкае свята плануецца запрасіць замежных гасцей, дыпламатычны корпус, прадстаўнікоў гарадоў-пабрацімаў Полацка.
Васіль Кроква, Радыё Рацыя
Фота westki.info