|
|
У Мінску пабачыў свет трэці поўны пераклад Бібліі на беларускую мову. Аўтар перакладу – каталіцкі ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі, які ў 1968 годзе атрымаў дабраславенне на працу ад самога пантыфіка Паўла VI.
У 1998 годзе апошні рукапіс перакладу Уладзіслаў Чарняўскі перадаў пратэстанцкаму пастару Антонію Бокуну. Рукапіс быў набраны, прайшоў літаратурную апрацоўку і толькі цяпер – праз 14 гадоў – быў выдадзены Беларускім біблейным таварыствам.
- Гэты пераклад з’яўляецца адлюстраваннем заходняй традыцыі ў беларускіх перакладах Бібліі. Таму што ён базаваўся на лацінскай Бібліі. Яшчэ адна адметнасць – у ім перакладзены некаторыя некананічныя кнігі, якія ўваходзяць у склад Бібліі, прынятай у каталіцкай царкве. Таксама - гэта першы пераклад Бібліі, у якім ёсць паралельныя месцы, мапы, якія даюць уяўленні пра месцы біблейскіх падзеяў.
Першая поўная Біблія на беларускай мове была выдадзеная ў Нью-Ёрку Янкам Станкевічам і Майсеем Гітліным у 1973 годзе. Пазней пераклад усіх кніг Старога і Новага Запавету ажыццявіў ў 2002-м годзе Васіль Сёмуха.
Цяперашні ж пераклад Уладзіслава Чарняўскага, надрукаваны першым накладам у 4 тысячы асобнікаў, паступіць у беларускія кнігарні ўжо самымі бліжэйшымі днямі.
Радыё Рацыя, Мінск