|
|
Знойдзены новыя невядомыя дагэтуль творы Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Невядомыя рукапісы знайшліся ў рэчах пісьменніка, якія праляжалі некранутымі шмат гадоў.
Па словах спецыялістаў, творы напісаны ў 1961-1962 гадах і належаць да «гродзенскага» перыяду літаратурнай творчасці Быкава, калі былі напісаныя вядомыя творы аўтара, такія як «Альпійская балада», «Жураўліны крык» і іншыя. Васіля Быкава не стала ў 2003-м годзе, і пасля яго смерці ўжо было знойдзена і апублікавана некалькі невядомых твораў пісьменніка.
"На сённяшні дзень ніхто ўжо не спадзяваўся знайсці невядомыя творы Васіля Быкава. Таму дадзеная знаходка сапраўды з’яўляецца прыемнай нечаканкай для беларускай літаратуры," - кажа старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў» Барыс Пятровіч.
- Гэта сенсацыя. Васіля Уладзіміравіча няма з намі ўжо дзевяць гадоў. А ён працягвае нас здзіўляць сваімі невядомымі творамі. Я думаю, што чытачы ўспрымуць гэта як прыемную нечаканку і як магчымасць яшчэ раз дакрануцца да творчасці Быкава.
Невядомыя творы Васіля Быкава былі знойдзеныя сынамі пісьменніка і перададзены даследчыку творчасці Быкава Сяргею Шапрану. “На дадзены момант можна гаварыць пра два творы, якія будуць апублікаваны ў бліжэйшы час, але цалкам магчыма, што невядомы "гродзенскі архіў" Быкава захоўвае і іншыя адкрыцці для беларускай літаратуры,” - кажа Сяргей Шапран.
- Аповесць «Атака» і апавяданне «Жалезны камандзір» - гэта было вялікае здзіўленне. Тым больш, што гэта не адзіныя рэчы, якія захоўваюцца ў "гродзенскім архіве" Быкава. Акрамя вышэй згаданых твораў, там ёсць рэчы, якія, калі будуць выдадзеныя, стануць сапраўднай літаратурнай сенсацыяй.
Якія яшчэ творы пісьменніка будуць адкрыты аматарам яго творчасці ў бліжэйшы час, пакуль застаецца загадкай. Невядомыя ж дагэтуль аповесць пад назвай «Атака» і апавяданне «Жалезны камандзір» будуць апублікаваны ў новым нумары часопіса «Дзеяслоў» і лютаўскім дадатку да штотыднёвіка «Новы час», газеце «Літаратурная Беларусь».
Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск.