|
|
Поўны збор твораў народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава папоўніўся чарговым 9-м томам. Выданне ўключае ў сябе кінасцэнары, напісаныя паводле твораў Васіля Быкава, створаныя пры ўдзеле самого аўтара.
Большасць апублікаваных кінасцэнароў - рускамоўныя і належаць да фільмаў, якія былі знятыя на кінастудыях «Масфільм» і «Ленфільм» у савецкія часы. Змяшчае выданне таксама і беларускамоўны сцэнар “На Чорных лядах”, напісаны Васілём Быкавым сумесна з Валянцінам Панамаровым. Усе творы, змешчаныя ў выданні, былі напісаныя ў перыяд з 1962-га па 1994-ты гады.
Над укладаннем і каментарамі да апублікаваных твораў працаваў Сяргей Шапран. Рэдактарам кнігі выступіў намеснік старшыні саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч.
- Новы 9-ты том змяшчае кінасцэнары. Звышзадачай рэдакцыйнага калектыву з’яўляецца захаваць, зберагчы, данесці. Галоўнае – не схібіць і не сапсаваць быкаўскія фразу, сказ, слова.
Па словах каардынатараў выдання, творы ў ім падаюцца паводле храналагічнага прынцыпу на мове арыгіналаў: беларускай ці рускай. У “Каментарах” да твораў змешчаны значныя варыянтныя тэксталагічныя разыходжанні. Праца па захаванні і папулярызацыі творчай спадчыны Васіля Быкава вядзецца саюзам беларускіх пісьменнікаў з 2004-га году. Папярэдне былі выдадзены 8-м тамоў поўнага збору твораў пісьменніка, якія змясцілі ўсе вядомыя мастацкія творы Васіля Быкава. Пасля выдання 9-га тома плануецца праца над наступнымі кнігамі поўнага збору, які будзе складацца з 14-ці тамоў.
Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск