Рыхтуецца серыя кніг “Вянок беларускі”

Рыхтуецца серыя кніг “Вянок беларускі”


Саюз беларускіх пісьменнікаў сумесна з выдавецтвам «Юніпак» выдадуць серыю кніг з лепшымі творамі найлепшых беларускіх пісьменнікаў.

Новая літаратурная падсерыя атрымала назву “Вянок беларускі” і будзе адлюстроўваць “выбранае з выбранага” найбольш знакамітых сучасных беларускіх пісьменнікаў, што мусіць стаць своеасаблівай візітоўкай нацыянальных творцаў і ўвогуле беларускай культуры, як зазначаюць у Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Абіраць найлепшых аўтараў і творы для выданняў будуць не толькі прафесійныя беларускія літаратары, але і простыя чытачы. Па дадзеных праведзеных даследаванняў было высветлена, што беларуская кніга не карыстаецца вялікім попытам сярод беларускіх чытачоў. "Серыя кніг “Вянок беларускі” мусіць стаць адным з крокаў паляпшэння сітуацыі з чытаннем беларускай літаратуры ў Беларусі," - кажа супрацоўніца Саюза беларускіх пісьменнікаў Юлія Цімафеева.

- Гэтай сваёй падсерыяй мы хацелі крыху змяніць фармат. Гэта не выхад якога-небудзь асобнага зборніка, а гэта менавіта “выбранае з выбранага”. Гэта кніга, якую павінна мець кожная сям'я. Мы чакаем меркаванняў грамадскасці, а там будзе бачна, які спіс яны складуць.

Свае меркаванні наконт таго, якія аўтары і якія іх творы мусяць увайсці ў серыю “Вянок беларускі”, можна дасылаць на адрас электроннай пошты vyanok.b@gmail.com. На тую ж паштовую скрыню сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў чакаюць прапановы спісу 10-ці найлепшых, па меркаванню чытачоў, вершаў Рыгора Барадуліна, кніга вершаў якога і распачне дадзеную серыю. Першая кніга з падсерыі “Вянок беларускі” пабачыць свет ужо ў бліжэйшыя месяцы. Колькаць і перыядычнасць наступных выданняў будуць складзены па выніках меркаванняў прафесійных беларускіх літаратараў, літаратурных крытыкаў ды беларускіх чытачоў.

Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя