|
|
З 8 лютага ў сталіцы Беларусі распачала сваю працу ХІХ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Удзельнікамі кірмаша з’яўляюцца выдаўцы з 20 краін свету.
Усяго на выставе прадстаўлена больш за 600 экспанатаў. Сярод іх таксама недзяржаўныя выдавецтвы з беларускамоўнай літаратурай. Галоўны рэдактар часопіса “ARCHE” Валер Булгакаў кажа, што рэакцыя наведвальнікаў на выданні па-беларуску вельмі пазітыўная.
– Учора падчас першага дня гэтай выставы 80% нашых наведвальнікаў звярталіся да мяне на беларускай мове. Для мяне гэта вялікая радасць, бо я бачу, што гэтая мова на самой справе жыве і працвітае ў цэнтры горада Мінска. Чаму мы тут? Каб прарываць блакаду паміж нашым выдавецтвам і чытачом. Вельмі часта не ўдаецца даходзіць да чытача ў тых месцых, дзе ён існуе ў вялікай колькасці.
Свае выданні на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы прадставіла і кнігарня “ЛогвінаЎ”. Арт-дырэктар кнігарні Павел Касцюкевіч падкрэслівае, што яны абралі адметны фармат удзелу ў кірмашы. “Гэта не проста звычайны стэнд, а наша выязная кнігарня,” – кажа Касцюкевіч.
– Такая ёсць магчымасць на пяць дзён забыцца, што ў нас адно памяшканне. Вырашылі зрабіць продаж на выездзе. Заадно прарэкламаваць нашых аўтараў і прарэкламаваць увогуле нашую літаратуру.
Кніжная выстава працягне сваю працу да 12 лютага. Падчас кірмаша на стэндах з беларускамоўнай літаратурай наведвальнікам прапануюцца прэзентацыі кніг і аўтограф-сесіі аўтараў.
Аляксандр Ярашэвіч, Радыё Рацыя, Мінск