|
|
Галоўны пераможца атрымае 105 мільёнаў беларускіх рублёў.
У Менску абвясьцілі шорт-ліст прэміі імя Ежы Гедройца. Прэмія заснаваная пры падтрымцы амбасады Польшчы ў Беларусі й мусіць дапамагчы аўтарам пісаць на роднай мове, а не гнацца за доўгім рублём на маскоўскім выдавецкім рынку.
У Менску абвясцілі шорт-ліст прэміі імя Ежы Гедройца, у яго трапілі кнігі шасьці празаікаў. Сьпіс намінантаў выглядае так: Уладзіслаў Ахроменка “Тэорыя змовы”, Альгерд Бахарэвіч “Малая медычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча”, Павал Касьцюкевіч “Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту”, Артур Клінаў “Шалом: ваенны раман”, Аляксандар Лукашук “Сьлед матылька. Освальд у Менску”, Андрэй Федарэнка “Мяжа”.
Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца была заснаваная напрыканцы сьнежня 2011 года і ўручаецца з гэтага года за найлепшую кнігу прозы, якая выйшла ў папярэднім годзе на беларускай мове на папяровым або электронным носьбітах. Заснавальнікі прэміі – Амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Менску, Беларускі ПЭН-Цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і польска-беларускае прадпрыемтсва ЗАТ “Сомбелбанк”.
Галоўны пераможца атрымае грашовы прыз ад аднаго з суарганізатараў прэміі – 105 мільёнаў беларускіх рублёў. Таксама сярод узнагародаў – кантракты на выданьне кніг у Польшчы, запрашэньні на стыпэндыі ў творчыя дамы Эўропы. Мяркуецца, што Літаратурная прэмія Гедройца стане штогадовай.
Ежы Гедройц, у гонар якога й заснаваная прэмія, гэта польскі публіцыст, палітык, мэмуарыст, заснавальнік і рэдактар часопіса «Kultura» і выдавецтва «Instytut Literacki». А нарадзіўся гэты выбітны дзеяч у Менску.
Надзвычайны й Паўнамоцны амбасадар Рэспублікі Польшча Беларусі Лешак Шарэпка - ганаровы старшыня журы прэміі. Дыплямат цікавіцца літаратураю й нават робіць параўнаньне, але не на карысьць Беларусі.
Лешак Шарэпка: На жаль у вас не вельмі разьвітая гэтая індустрыя, я параўноўваю з Кіевам і Масквою. У Маскве ёсьць аграмадны кніжны рынак “Філія”, у Кіеве – Пятрыўка, дзе некалькі соцень стэндаў і можна купіць кніжкі з усяго сьвету. У вас такіх месцаў няма. Калі шчыра, то рынак беларускі маленькі для пісьменьніка. Калі таленавіты чалавек мае магчымасьць выбару пісаць па-руску ці па-беларуску, то з камэрцыйных мэтаў ён абярэ рускую мову. Бо ў такім разе аўдыторыя будзе 160-170 мільёнаў людзей, і ён можа прадаць свае кнігі ды жыць на тыя сродкі. А тут рынак – некалькі мільёнаў чалавек ды й тое ня ўсе чытаюць. І трэба быць экстрэмалам, каб пісаць па-беларуску. Ідэя нашая ў тым, каб для пісьменьніка не было вялікай розьніцы на якой мове пісаць. І як мы падкінем крышку грошай, то будзе лягчэй адважыцца пісаць на роднай мове, па-беларуску.
Сакратарка прэміі Марыя Мартысевіч расказала цікавую статыстыку, якую можна вывесьці з лонг-лісту намінантаў. Дарэчы, першапачаткова была 21 заяўка. Да фіналу дайшлі шэсьць аўтараў.
Марыя Мартысевіч: Журы працуе з канца лістападу й спачатку яно адабрала ўсе кнігі мастацкай прозы, на пачатку студзеня зь іх адабралі дванаццаць кніг, так званы лонг-ліст нашых намінантаў. І калі паглядзець на нашых намінантаў, то атрымліваецца цікавая статыстыка. Напрыклад, восем працэнтаў беларускіх пісьменьнікаў – жанчыны, восем працэнтаў пісьменьнікаў, якія пішуць па-беларуску, выдаюцца ў дзяржаўных выдавецтвах. Дваццаць пяць працэнтаў беларускіх пісьменьнікаў не маюць беларускага грамадзянства, а іншыя дваццаць пяць працэнтаў – не жывуць у Беларусі, то бок маюць сталы побыт за мяжою.
Празаік, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч заўважыў, што ў Беларусі цягам апошніх год скарацілася колькасць літаратурных прэмій, кніжкі, якія выходзяць у краіне, вельмі рэдка адзначаюцца. І гэта кепская тэндэнцыя, бо пісьменніку патрэбнае прызнанне, а літаратуры – ўвага.
Барыс Пятровіч: Асабліва важна, што адзначаецца праца празаікаў, бо паэтаў ва ўсе часы ў нас больш заўважаюць, праводзіцца некалькі паэтычных фэстываляў, ладзяцца паэтычныя слэмы. І празаікі заўжды застаюцца нібыта ўбаку. Калі мы аб’явілі пра новы конкурс, то нават не думалі што з’явіцца столькі кандыдатаў на гэтую прэмію. Не такія і кепскія справы ў нас у Беларусі! Кнігі новыя пішуцца, пішуцца аўтарамі незалежна ад таго ці ўдзельнічаюць яны ў нейкіх творчых арганізацыях.
Арганізатары літаратурнага конкурсу распавялі і пра кур’ёзныя выпадкі, якія тым не менш нявесела паўплывалі на намінантаў.
Марыя Мартысевіч: Асабіста тэлефанавала пісьменьнікам і прасіла іх даслаць кнігі. І адзін аўтар сказаў “ну што вы, я усё раздаў сваім сябрам, у мяне няма пяці кніжак. Адзін аўтар не трапіў у лонг-ліст, бо прынёс толькі тры асобнікі кніжкі, а патрэбна было пяць. Ці то пашкадаваў, ці сапраўды не было.
Андрэй Хадановіч: Гэта якраз той, які з вялікім шкадаваньнем для паловы журы не прайшоў у дванаццаць асобаў, а застаўся на трынаццатым месцы.
Уганараванне лаўрэата-2011 адбудзецца 3 сакавіка гэтага года ў Міжнародны дзень пісьменніка ў Менску. Час і месца імпрэзы будуць вядомыя крыху пазьней.
Марыя Кароль, Менск