|
|
Месяц шведскай літаратуры распачынаецца ў кнігарні выдавецтва «ЛогвінаЎ» у Мінску. Падзеі ў рамках літаратурнага месяца будуць адбывацца ад 7 лютага да 15 сакавіка. Месяц шведскай літаратуры ў Беларусі рэалізоўваецца дзякуючы намаганням кнігарні выдавецтва «ЛогвінаЎ» і пасольству Швецыі ў Беларусі.
У рамках падзеі Беларусь наведаюць некалькі шведскіх літаратараў, між якіх дзіцячыя пісьменнікі Юі Вісландэр і Ульф Старк. Будуць прэзентаваныя некалькі кніг шведскіх аўтараў, адбудзецца шэраг вечарын прысвечаных шведскай літаратуры. Цягам бліжэйшага месяца ў кнігарні пройдзе адразу некалькі літаратурных ранішнікаў для дзяцей. Пра шведскую літаратуру будуць распавядаць не толькі шведы, але і беларускія літаратары, перакладчыкі.
Распачнецца месяц шведскай літаратуры імпрэзай пад назовам «Глобус Швецыі», кажа арт-дырэктар кнігарні выдавецтва «ЛогвінаЎ» Павел Касцюкевіч.
- Гэта чарговы месяц у кнігарні «ЛогвінаЎ» пасля правядзення месяца польскай літаратуры, месяца нямецкай літаратуры. Мы звярнуліся да месяца шведскай літаратуры. Адкрыццё 7 лютага. Адбудецца вечарына «Глобус Швецыі». Тут будуць шчыраваць беларускія аўтары, якія былі ў Швецыі, якія перакладалі шведскую літаратуру.
У першай імпрэзе месяца шведскай літаратуры возьмуць удзел Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Арлоў, Валерыя Кустава ды іншыя беларускія літаратары і перакладчыкі. Адкрые месяц шведскай літаратуры пасол каралеўства Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан.
Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск