|
|
Моладзевы актывіст Кірыл Атаманчык распавядае, што яны робяць для ажыцьцяўленьня гэтай ідэі.
Моладзевы актывіст Кірыл Атаманчык распавядае, што яны робяць для ажыцьцяўленьня гэтай ідэі.
Кірыл Атаманчык – магістрант ды супрацоўнік ЭГУ, Прэзідэнт Студальянса загарэўся ідэяй усталяваць на гыры Гедыміна ў Вільні мэмарыяльны знак паўстанцам Каліноўскага. Паводле апокрыфа, менавіта тут і быў пахаваны сам Кастусь разам з паплечнікамі. А ў наступным годзе спаўняецца 150 год паўстаньню – самы час ушанаваць памяць. Зь якімі цяжкасьцямі сутыкнуўся Кірыл Атаманчык у гэтай справе, ён апавядае ў нашым этэры.
Кірыле, Вільня стала лёсавым горадам для Кастуся Каліноўскага, бо тут ён быў павешаны. Як сёньня ў Вільні адзначана памяць нашага героя?
Кірыл Атаманчык: Ёсьць шэраг манумэнтальных кропак, якія зьвязаныя якраз-такі з мэмарыялізацыяй Каліноўскага тут, у Вільні. Па-першае, гэта крыж і мэмарыяльная пліта на Лукіскім пляцы, дзе ён быў павешаны. Па-другое, гэта мэмарыяльная шыльда на будынку былога дамініканскага кляштара, дзе ён пісаў свае знакамітыя “Лісты з-пад шыбеніцы” і праводзіў апошнія дні свайго жыцьця. Акрамя гэтага, ёсьць вуліца Каліноўскага. Цяпер у нас ёсьць ідэя з нагоды 150 год паўстаньня 1863 года ўсталяваць памятны знак на гары Гедыміна.
Тое, што Каліноўскі разам зь іншымі паўстанцамі пахаваны ў гары Гедыміна, перадаецца з вуснаў у вусны, як апокрыф. Ці ёсьць дзе пацьвержаньні таго, дзе ён мог быць пахаваны?
Кірыл Атаманчык: Сапраўды, гэта пераважна вусная гісторыя. На сёньняшні момант няма наўпроставага факта, які б сьведчыў – так, там сапраўды быў пахаваны Каліноўскі. Ёсьць шматлікія архіўныя сьведчаньні відавочцаў, ёсьць сьведчаньні раскопак, якія праводзілі розныя ўлады Вільні – нямецкія, польскія. За польскім міжваенным часам там якраз-такі быў сымбалічны крыж, усталяваны ў гонар паўстанцаў.
Я так разумею, што царскія ўлады спэцыяльна хавалі месца пахаваньня паўстанцаў, каб яно не зрабіліся месцам пакланеньня героям?
Кірыл Атаманчык: Абсалютна слушна, гэта дадае складанасьці ў пошуку архіваў. Трэба шукаць у рускіх вайсковых архівах за царскі час. Цяпер мы можам кіравацца толькі ўскоснымі фактамі. Я думаю, што гэтая справа будзе разьвівацца. Так ці інакш 150-годдзе паўстаньня будзе ўшанаванае.
Я разумею, што Вы не здарма загадзя, болей як за год да памятнай даты, пачалі гэтым займацца. Напэўна, гэта вялікая бюракратычная працэдура, каб у сталіцы іншай краіны паставіць беларускі мэмарыяльны знак. Ці вывучалі Вы ўжо інстанцыі, якія трэба прайсьці?
Кірыл Атаманчык: Мы падрыхтавалі зварот да Міністэрства культуры. Мінкульт перанакіраваў гэты зварот да інстытуцыі, якая непасрэдна адказвае за гэты аб’ект. Мы зараз якраз вядзем перапіску з гэтай інстытуцыяй, якая называецца Інстытуцыя дагляда аховы замкаў Вільні. Зь ёй трэба будзе ўзгадняць ўсе крокі па ўшанаваньні памяці, яны запрасілі факталягічную базу, на якой магло б будавацца рашэнньне адносна ўсталяваньня мэмарыяла.
Улічваючы тое, колькі ў Вільні беларускіх шыльдаў, ці даводзіцца нам чакаць станоўчага рашэньня?
Кірыл Атаманчык: Цяжка аналізаваць, бо сытуацыя неадназначная хаця б таму, што ў нас няма наўпроставага пацьвержаньня, факта. Гэта самы галоўны мінус справы. Таму калі літоўская інстытуцыя пойдзе нам насустрач, гэта будзе іх вялікі ўнёсак ва ўшанаваньне памяці. Я думаю, гэта ўсё вырашальна.
Ці думалі Вы, як будзе выглядаць гэты знак? Да гары шыльду не прыкруціш.
Кірыл Атаманчык: Не, ня думаў. Галоўнае – атрымаць згоду. Пра эстэтычныя асьпекты будзем думаць пасьля.
Кірыл Атаманчык, магістрант ды супрацоўнік ЭГУ, хоча да 150-годдзя паўстаньня Каліноўскага ўсталяваць памятны знак на гары Гедыміна ў Вільні.
Арцём Багданаў, Вільня-Менск