Уладзімір Някляеў вылучаны на Нобелеўскую прэмію

Уладзімір Някляеў вылучаны на Нобелеўскую прэмію


Беларускі ПЭН-цэнтр вылучыў Уладзіміра Някляева на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры. Як прыгадвае намесніца старшыні арганізацыі Марыя Мартысевіч, першапачаткова рашэнне вылучыць Някляева было не толькі літаратурным, але і грамадскім, бо ўзнікла яшчэ ў часы яго зняволення.

Гэта быў спосаб маральнай падтрымкі, які дапамог прыцягнуць увагу да Уладзіміра Някляева ва ўсім свеце. Што тычыцца самой Нобелеўскай прэміі, то Марыя Мартысевіч адзначае, што дзеля яе атрымання патрэбны часам нават дзесяцігоддзі:

- Добрым тонам лічыцца ў Нобелеўскай акадэміі, што нейкая арганізацыя ставіць на аднаго аўтара і намінуе яго на працягу 50-60 год, пакуль чалавек не атрымлівае прэмію, пакуль ён не памірае, або пакуль арганізацыя не здаецца. Канешне, каб чалавек атрымаў Нобелеўскую прэмію, трэба менавіта тое, што называецца лоббі. Пераклады -- гэта частка гэтага лоббі. Беларуская літаратура, у прынцыпе, не пралабіравана ў свеце. Не кажучы ўжо пра Някляева. Нават калі казаць пра аўтараў, якія адносна шмат перакладаліся, то гэтага недастаткова, каб на іх звярнуў увагу Нобелеўскі камітэт.

Як прыгадвае “Наша Ніва”, у свой час на Нобелеўскую прэмію па літаратуры вылучалі Васіля Быкава. Сярод намінантаў ёсць таксама Святлана Алексіевіч, творы якой перакладзены на дзясяткі моваў.

Яна Запольская, Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя