|
|
Гэта пэўная доля сарказму й крытычнасьці як да сьвету, так і да сябе.
Яшчэ (Jeszcze)
У заплямбаваных вагонах
едуць краем імёны,
а колькі ехаць будуць,
і дзе яны потым сыдуць,
не пытайцеся, ня знаю, не скажу.
Імя Натан рукамі б’е па сьценцы,
імя Ісак з вачыма бы ў шаленца,
імя Сара просіць вады з біклагі
для імя Арон, што ўмірае ад смагі.
Не мітусіся, імя Давіда, –
ні гаспадара ў цябе, ані дому,
бо ты імя, што нясе паразу.
Лепей цябе не насіць нікому.
Імя славянскае сыну дайце,
бо тут зважаюць адно на ймёны,
бо аддзяляюць дабро ад злога
паводле формы вачэй стамлёных.
Не мітусіся. Сын будзе – Лех.
Не мітусіся. Яшчэ зарана.
Ноч разляглася, нібы сьмех,
пад грукат колаў апантаны.
Па небе плылі з людзьмі аблокі,
дожджык спадаў і сьляза адна,
адна сьляза і дожджык лёгкі.
Чыгунка ў чорны лес вяла.
Так, так, так. Паўз суцэльны гушчар.
Так, так, так. Едуць лесам вагоны мар.
Так, так, так. У долах, на ўзвышшах:
“так, так, так” – лямант цішы ў цішы.
пераклад Сяргея Прылуцкага
Пераклад верша „Jeszcze” зрабіў Сяргей Прылуцкі. Перакладчык прызнае, што вершы Віславы Шымборскай упершыню трапілі яму ў рукі, калі ён ня шмат разумеў у паэзіі, але яны адразу ўразілі.
С. Прылуцкі: Калі я ўпершыню прачытаў вершы Шымборскай, то амаль не разьбіраўся ў паэзіі. Але мяне ўразіла пэўная доля сарказму й крытычнасьці як да сьвету, так і да сябе. Гэта першае, што мне кінулася ў вочы, што я запамятаў. І мне захацелася чытаць яе яшчэ больш. Гэта дзякуючы ёй я пачаў цікавіцца ўсім польскім. Калі коратка, то гэта вельмі разумная й вясёлая бабуля, зь якой было б цікава пасядзець ня толькі за кавай, але й за пляшачкай каньяку. У нас даўно ходзіць па галаве ідэя выдаць зборнік вершаў Шымборскай, бо ўсё ж нобэлеўскі ляўрэат, а выдадзена няшмат. Корпус тэкстаў для выдачы такога зборніка ў прынцыпе гатовы.
Ёсьць два зборнікі вершаў Віславы Шымборскай на беларускай мове: «Сьвет, варты вяртаньня» (1991г.) й «Хвіля» (2005г.) у перакладзе Ніны Мацяш.
Пра польскую наблістку ўзгадалі ў многіх краінах Эўропы. Італьянскія СМІ зьвяртаюць увагу на значную папулярнасьць паэзіі Віславы Шымборскай у Італіі. Прастата, натуральнасьць і адсутнасьць пафасу – так апісваюць паэзію Віславы Шымборскай італьянскія газэты.
Пра сьмерць польскай паэткі піша й прэса Вялікабрытаніі: „Польская ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі простымі словамі й гуляючы рыфмаю закранае струны іроніі й зразуменьня".
Шмат увагі постаці Шымборскай прысьвячаюць францускія журналісты: сьціпласьць, інтэлігенцыя, глыбіня роздуму бачныя ў яе творчасьці.
Добра паэтку ведалі і ў Нямеччыне. Інфармацыя пра яе сьмерць зьявілася ў найважнейшых нямецкіх выданьнях. Аўтарку ведаюць нямецкія чытачы, у кнігарнях можна набыць пераклады яе вершаў.
Падобным чынам пра Віславу Шымборскую ўзгадваюць у іншых эўрапейскіх краінах.
Развод (Rozwód)
Для дзяцей першы ў жыцці канец свету.
Для ката новы гаспадар.
Для сабакі новая гаспадыня.
Для мэблі сходы, грукат, грузавік і пераезд.
Для сцен светлыя плямы ад знятых карцін.
Для суседзяў знізу тэма, перапынак у нудзе.
Для машыны лепей, калі б было дзве.
Для раманаў, паэзіі – згода, бяры ўсё, што хочаш.
З энцыклапедыяй, відэаплэерам горш,
як і з даведнікам па арфаграфіі,
дзе, пэўна, ёсць указанні адносна двух імёнаў:
усё яшчэ звязваць іх злучнікам “і”
ці ўжо раздзяляць кропкай.
Пераклад Ніны Мацяш
Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё