|
|
Сёмага лютага назавуць фіналістаў Літаратурнай прэміі Гедройца. Прафесійнае журы скароціць лонг-ліст прэміі роўна напалову. Пакуль гэтага не адбылося, можна прыняць удзел у онлайн-конкурсе і адгадаць да шостага лютага шэсць фіналістаў.
Каму пашчасціць – той атрымае запрашальныя квіткі на цырымонію ўручэння прэміі, якая адбудзецца ў Мінску 3 сакавіка.
Як адзначае сакратарка прэміі Марыя Мартысевіч, трэба найперш ведаць сваю літаратуру і больш увагі надаваць сваім, беларускім, аўтарам.
- Таму мы з польскім бокам, польскім партнёрам робім гэтую прэмію імя Ежы Гедройца, мэта якой – прыцягнуць увагу да беларускай прозы. У нас 12 намінантаў. Праз тыдзень застанецца шэсць. Магчыма хтосьці з гэтых людзей праз нейкі час атрымае Нобелеўскую прэмію. Большасць намінантаў яшчэ вельмі маладыя. Што будзе праз колькі дзясяткаў год - ніхто не ведае. Так што сачыце за ўласнай літаратурай.
Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца за найлепшую кнігу прозы, якая выйшла ў папярэднім годзе на беларускай мове на папяровым або электронным носьбітах. Заснавальнікі прэміі – Амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Мінску, "Беларускі ПЭН-Цэнтр", "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і “Сомбелбанк”.
Яна Запольская, Радыё Рацыя