|
|
1 лютага ў Польшчы ва ўзросце 88 гадоў памерла лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры, паэтка Віслава Шымборская.
Вершы Віславы Шымборскай былі перакладзеныя на 40 моваў свету, у тым ліку і на беларускую. У Беларусі выйшлі тры кнігі перакладаў польскай Нобелеўскай лаўрэаткі: у 1991 - "Свет варты вяртання", у 2005-м - "Хвіля", у 2010-м - "Дзвюхкроп'е". Да 90-годдзя Шымборскай у Беларусі планавалася выдаць чацвёртую кнігу паэткі, у працы над якой удзельнічала маладая беларуская перакладчыца Марына Казлоўская.
Марына Казлоўская:
- Гэта паэзія еўрапейскага ўзроўню, прычым у адрозненні ад беларускай, пры нашых уяўленнях пра жаночую паэзію, то яе паэзія зусім не жаночая. Я вельмі цікаўлюся польскай паэзіяй, праўда, перакладала з большага мужчын – Герберта, Ружэвіча, і вось у гэты канктэкст такой метафізічнай паэзіі Шымборская вельмі трапляе. Гэта паэзія, якая імкнецца за простымі рэчамі ўбачыць вечнасць.
Польская паэтка атрымала вышэйшую ўзнагароду ў свеце літаратуры ў 1996 годзе. Згодна фармулёўкі Нобелеўскага камітэта, прэмія была ўручана Шымборской за «паэзію, якая з надзвычайнай дакладнасцю апісвае гістарычныя і біялагічныя з'явы ў кантэксце чалавечай рэальнасці».
Васіль Кроква, Радыё Рацыя.