Прэзентацыя дыска "Постаці" ў Гродне

Бібліятэкар

Беларускае Радыё Рацыя, Віктар Парфёненка
29.10.2010


Кампакт-дыск пад назваю “Постаці” прэзэнтавала гродзенская арганізацыя “Цэнтр Трэці Сэктар”. Урачысты вечар, куды былі запрошаны і самі постаці, а гэта людзі беларускай культуры Гродна, прайшоў у залі бібліятэкі Яўхіма Карскага.

Адна з аўтарак праэкта-дыска, які змяшчае інтэрв'ю ды фільм, Інга Сакута лічыць, што такі помнік натхніць моладзь да захавання і развіцця беларускай нацыянальнай культуры:

– Такіх вядомых людзей і на Брэстчыне, і на Гродзеншчыне вельмі шмат, значна больш чым 14. Справа ў тым, што мы былі абмежаваныя ў часе,  а па-другое – гэта была нашая першая спроба. Таму мы вырашылі абраць па 7 чалавек з кожнага рэгіёна.

На прэзентацыі першых пяцьдзесят наведнікаў атрымалі дыскі задарма. Большасць асобаў, якія былі прадстаўлены ў дыску, былі гродзенцы – іх восем з чатырнаццаці. Такі ўдалы праект на думку аўтараў будзе мець працяг.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя