“Летапіс вёскі Залессе” пераможцам конкурсу

“Летапіс вёскі Залессе” пераможцам конкурсу


Рыгор Шарыпкін, настаўнік з Глыбоччыны, стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу беларускіх краязнаўчых праектаў. Праца “Летапіс вёскі Залессе”, створаная пад кіраўніцтвам Рыгора Шарыпкіна, прызнаная лепшым вучнёўскім краязнаўчым даследваннем за мінулы год.

“Летапіс вёскі Залессе”, створаны вучнямі мясцовай школы, распавядае пра гісторыю старажытнага населенага пункту, вядомага яшчэ з ХIV стагоддзя. Па словах пераможцы, да удзелу у конкурсе краязнаўцу падштурхнула даўняя традыцыя даследвання колішняй Залескай гміны.

Рыгор Шарыпкін:

- Праводзіўся конкурс па стварэнні летапісу свайго населенага пункту. Мы працавалі ў намінацыі “Летапіс вёсак”. Жывем мы і вучымся ў вёсцы Залессе, якая з’яўляеца адной з самых старажытных вёсак на Глыбоччыне. Захавалася няшмат даўніны, аднак кожнае месца проста патыхае гісторыяй. Гэтыя мясціны даследаваў нават Язэп Драздовіч, які пэўны час жыў тут у 30-я гады ў Залескай гміне ў свайго сябра Янкі Пачопкі.

З 1992 году Рыгор Шарыпкін з'яўляецца стваральнікам і кіраўніком унікальнага краязнаўчага музею ў вёсцы Залессе на Глыбоччыне.

Апроч гэтага ў 2003 годзе намаганнямі школьнага выкладчыка быў рэстаўраваны закладзены яшчэ у 18 стагоддзі закінуты панскі парк, а таксама знойдзены знакаміты камень, апісаны ў сваіх дзённіках мастаком Язэпам Драздовічам.

Радыё Рацыя, Мінск

Фота nspaper.by

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя