|
|
Ніколі не бярэ ў рукі кнігу траціна насельніцтва
Палова беларусаў кніг не купляе, у лепшым выпадку пры патрэбе пазычаюць у знаёмых ці бяруць у бібліятэцы. Саюз беларускіх пісьменьнікаў зрабіў адмысловае апытаньне на тэму чытаньня сярод беларусаў.
Сучасную замежную літаратуру (у першую чаргу расейскую) беларусы ведаюць лепей чым сваю. 62% апытаных наогул не цікавяцца беларускімі кнігамі. Істотная частка (13,3%) зусім не ўмее чытаць па-беларуску.
На пытаньне пра тое, якіх сучасных беларускіх пісьменьнікаў вы ведаеце, найчасьцей называліся імёны, якія сталі знакавымі яшчэ за савецкім часам: Васіля Быкава (6,5%), Уладзіміра Караткевіча (3,8%), Івана Шамякіна (3,2%). Пераважная ж большасьць не ведае нікога (74,6%). Для параўнаньня: у сучаснай масавай расейскай літаратуры беларусы абазнаныя значна лепей. 17,8% ведаюць, хто такая Дар’я Данцова.
Што да густаў, то ў безумоўных лідарах дэтэктывы— ім аддаюць перавагу 38,3% аматараў чытаньня, 28,1% калі й бяруць у рукі кнігу, то гэта жаночы раман. Кнігу класыка з паліцы здымаюць 26,5% ад усіх беларусаў, якія чытаюць хаця б раз на год.
Вынікі несуцяшальныя - кажа старшыня Саюза беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч.
Б. Пятровіч: Выглядае прыкра. У прынцыпе, мы чакалі, што вынікі будуць ня вельмі прыемныя, але не на столькі. Мы параўноўвалі нашыя вынікі з дасьледваньнямі ў іншых краінах. Напрыклад, у Расеі сытуацыя не на шмат лепшая, хоць там няма такіх праблемаў з моваю, выданьнем кніг ці аплатаю працы пісьменьнікаў. Па выніках дасьледваньня цэнтра „Левады”, у Расеі кнігі не купляюць 62% грамадзян, у нас – 49,9%. Але гэта не прычына для радасьці. Сама праблема больш маштабная, чым нам падаецца. Людзі ўвогуле сёньня сталі мала чытаць, менш зьвяртацца да кнігі. І гэта кепскі сыгнал для ўсяго грамадзтва.
На думку апытаных, зрабіць беларускую літаратуру больш папулярнай маглі б цікавыя аўтары й творы (52,4%), іх большая жанравая разнастайнасьць (27,2%), а таксама лепшая рэкляма (22,9%).
Б. Пятровіч: Што тут казаць, калі ў Беларусі пісьменьнікам не надаецца ніякой увагі. На дзяржаўным узроўні пісьменьнікі даўно не адзначаюцца прэміямі. Існуе чорны сьпіс пісьменьнікаў, некаторыя ня могуць афіцыйна друкаваць свае творы. На тэлебачаньні няма перадач пра сучасную літаратуру. Якім чынам сёньня рэклямаваць сучаснага цікавага аўтара? Амаль немагчыма. Добра, што ёсьць інтэрнэт, аднак ён толькі набірае моц. Магчыма, у пэрспэктыве дзякуючы інтэрнэту ўдасцца пазнаёміць чытачоў з новымі цікавымі творамі, але пакуль у нас пост-савецкае грамадзтва, а асноўныя крыніца інфармацыі – гэта тэлебачаньне. Сёньня ў Беларусі даведацца пра навінкі ў літаратуры амаль немагчыма. Гэта праблема, каб зацікавіць чытачоў. Таксама ёсьць праблема ў тым, каб заахвоціць аўтараў пісаць цікавыя творы. Бо гэта праца, у прынцыпе, на грамадзкіх пачатках. Трэба, каб гэта праца аплочвалася й уганароўвалася.
Ніводнай сучаснай беларускай пісьменьніцы не змаглі назваць 84,9 % апытаных. Першая ж шасьцёрка названых выглядае так: Сьвятлана Алексіевіч (2,8%), Цётка (2,5%), Валярына Кустава (2,1%), Раіса Баравікова (1,5%), па 1,1% набралі Натальля Батракова й Яўгенія Янішчыц.
Валярына Кустава пагаджаецца, што вынікі надзвычай сумныя.
В. Кустава: Вельмі засмучае, што такі вялізарны адсотак людзей не чытае, не цікавіцца беларускімі аўтарамі. Гледзячы на гэтае апытаньне, шмат што робіцца зразумелым. Вельмі добра, што апытаньне было праведзена, бо бачна, у якой мы сытуацыі. Гэта яшчэ адна нагода, каб шмат працаваць, і каб шукаць іншыя спосабы, як дайсьці да чытача.
97,1 % беларусаў не чытаюць замежную літаратуру ў перакладзе на беларускую мову. 68,4 % зь іх ні пры якіх умовах не абралі б беларускамоўную вэрсію кнігі.
Асноўны шлях кнігі да беларускага чытача – ад сяброў і знаёмых. 44 % аматараў чытва пазычаюць кнігі, 28,7% – купляюць у кнігарнях, у тым ліку праз інтэрнэт, 26,8% — па-ранейшаму наведваюць бібліятэкі. 12,6 % аддаюць даніну сучаснасьці й спампоўваюць кнігі зь інтэрнэту. 49,9 % беларусаў ніколі не купляюць кнігі.
А вось сярод айчынных пісьменьнікаў, якіх беларусы ня проста ведаюць, але й любяць чытаць: Васіль Быкаў (7,4%), Уладзімір Караткевіч (7,4%), Якуб Колас (5,5%), Янка Купала (3,9%) і Іван Мележ (2,9%).
Сытуацыя з замежнымі аўтарамі ў Беларусі лепшая. Іх ня ведаюць і ня любяць чытаць “усяго” 48,7% і 39,0% адпаведна. Улюбёныя небеларускія пісьменьнікі: Дар’я Данцова (11,3%), Аляксандра Марыніна (5,6%), Тацьцяна Усьцінава (3,4%), Леў Талстой (2,5%) і Юлія Шылава (2,0%).
Вельмі складаная сытуацыя пэрыядычных выданьняў, 91,9% беларусаў не чытаюць айчынныя літаратурныя часопісы, а 98,9% не чытаюць часопісы замежныя, у тым ліку расейскія.
СБП, ав