|
|
Больш за палову беларусаў не чытаюць кніг на роднай мове
Саюз беларускіх пісьменнікаў агучыў вынікі сацыялагічнага даследавання між чытацкай аўдыторыі беларусаў. Апытанне правяла лабараторыя “Новак”.
Пры дапамозе даследавання было высветлена, колькі і на якіх мовах чытаюць беларусы, што іх цікавіць у літаратуры і хто з сучасных літаратараў найбольш падабаецца чытачу. Па выніках апытання траціна насельніцтва Беларусі не чытае кніг наогул. 62% беларусаў не цікавяцца беларускімі кнігамі, а 13% не ўмеюць чытаць па-беларуску. Самай папулярнай літаратурай сярод абсалютнай большасці беларускіх чытачоў з’яўляюцца дэтэктывы і жаночыя раманы на рускай мове.
"Такіх непрыемных вынікаў мы не чакалі," - кажа маладая літаратарка, прэс-прадстаўнік Саюза беларускіх пісьменнікаў Алена Казлова.
- Тое, што мы атрымалі, нас засмуціла. Трэба падтрымліваць беларускую літаратуру, бо гэта частка нацыянальнай культуры. Будзем планаваць нашую працу адпаведна з сітуацыяй. Мы валодаем інфармацыяй, давялі яе да грамадскасці, каб кожны беларус і сам задумаўся над гэтай сітуацыяй і прыняў нейкія рашэнні.
Галоўныя крокі па паляпшэнні сітуацыі з беларускай літаратурай мусяць рабіць дзяржаўныя структуры і кіраўніцтва краіны, як зазначаюць у Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Сам жа Саюз беларускіх пісьменнікаў плануе ў бліжэйшы час распачаць працу па паляпшэнню ўзаемадзеяння паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі пісьменніцкімі аб’яднаннямі і культурніцкімі структурамі, а таксама ладзіць мерапрыемствы па папулярызацыі беларускай літаратуры.
Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск.