Быць палітыкам у Беларусі

Быць палітыкам у Беларусі


У сераду ў Беларускім доме ў Варшаве прайшла прэзэнтацыя двух цікавых выданьняў, прысьвечаных палітыцы ў Беларусі.

Гэта кнігі вядомага беларускага журналіста Аляксандра Тамковіча “Супраць плыні”, прысьвечаная беларусам, асуджаным за палітычныя погляды ды ўдзел у “Плошчы-2010”, і “Без палітыкі”, пра хобі ды прыватнае жыцьцё палітычных лідараў.

Падзеі сьнежня 2010-га году: прэзыдэнцкія выбары, масавыя пратэсты людзей ды брутальны разгон дэманстрацыі сілавікамі, ускалыхнулі Беларусь. Па сёньняшні дзёнь у краіне застаюцца палітзьняволеныя, узмацняецца самадурства ўлады. Журналісты назіралі за гэтымі падзеямі, інфармавалі пра іх, і таксама няраз самі станавіліся ахвярамі рэпрэсій з боку сілавых ворганаў. Асэнсаваньнем гэтых падзеяў заняўся вядомы журналіст Аляксандар Тамковіч. У сваёй кніжцы “Супраць плыні” ён размаўляе пра падзеі 2010-2011 зь іх непасрэднымі ўдзельнікамі: палітыкамі, актывістамі ды проста неабыякывымі людзьмі. Менавіта рэакцыя людзей найбольш уразіла аўтара.

Аляксандр Тамковіч: Уразіла тое, што малавядомыя людзі, звычайныя людзі, якіх ніхто ня ведае, як Зьміцер Дрозд, прыйшлі на плошчу, бо ім так падказала сумленьне. Такіх людзей вельмі шмат, менавіта ў іх - будучыня Беларусі.

Другая кніга - “Без палітыкі”, – была спробай паказаць чалавечае аблічча вядомых апазыцыйных дзеячоў Беларусі, якіх увесь час ачарняюць улады.

Аляксандр Тамковіч: Наша афіцыйная прапаганда малюе людзей, якія знаходзяцца ў апазыцыі, нейкімі пачварамі. Вельмі непрыемна. Мэтай гэтай кніжкі было паказаць, што яны звычайныя людзі са сваімі захапленьнямі, дарэчы, вельмі цікавымі. Вось, адкрываем кніжку, Мілінкевіч... Хто сёньня ведае, што ён захапляўся баскетболам і дапамагаў баскетбольным камандам, калі быў намесьнікам мэра Горадні.

У прэзэнтацыі бралі ўдзел асобы, якія былі ўдзельнікамі падзеяў сьнежня 2010 і сталі ахвярамі ціску з боку ўлады за свае перакананьні. Пра некаторых зь іх распавядаецца ў прадстаўленых выданьнях. У турме КДБ сьняцца кашмары, падзяліўся ўражаньнямі пра здарэньні тых дзён Ўладзімір Кобец, кіраўнік выбарчага штабу Андрэя Саньнікава.

Уладзімір Кобец: Добрыя сны там ня сняцца. Гэтая турма служыла заўсёды для катаваньня палітвязьняў розных часоў, пачынаючы з 1920-ых гадоў. Такое адчуваньне, што там засталіся душы тых забітых людзей. Адсюль вельмі жудасныя ды трывожныя сны. Калі адтуль выходзіш, доўга ня можаш вярнуцца ў нармальны стан.

Паводле словаў Аляксандра Атрошчанкава, прэсавага сакратара кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, праведзены ў турме дзень каштуе некалькі год жыцьця.

Аляксандар Атрошчанка: Пасьля таго, як я вызваліўся, я прачытаў кніжку Сяргея Грахоўскага. Мне запомнілася фраза: дзень кантоўкі – месяц жыцьця. Я правёў там пяць месяцаў жыцьця. У мяне не было адчуваньня, што я на волі. Сёньня ўся наша краіна – зона, а кожны з нас адбывае пакараньне ў розных рэжымах. Найбольш цяжкі сёньня ён у палітвязьняў.

Для іншых, як Натальля Радзіна, вядомая журналістка ды рэдактарка парталу “Хатрыя-97”, найбольш важнай падзеяй 2010-2011-х гадоў была людзкая салідарнасьць.

Натальля Радзіна: Гэта вельмі зьмяніла нашае жыцьцё, адмяніла наш лёс, і вельмі важна пра гэта не забываць. Выхад людзей на свабоду магчымы толькі тады, калі мы сапраўды салідарныя й спрабуем нешта зрабіць. Хваля салідарнасьці мяне вельмі моцна ўразіла.

Пра Натальлю Радзіну ды пра іншых палітзьняволеных Аляксандр Тамковіч хоча распавесьці ў наступных сваіх працах. Адна зь іх будзе называцца “Жыцьцё пасьля кратаў”.

Аляксандар Тамковіч: На гэты год, калі Бог дасьць, я спадзяюся, будзе 4 кніжкі. Вядома ж, працяг кнігі “Супраць плыні” – “Жыцьцё пасьля кратаў”. Мы хацелі б яе выдаць у сьнежні, на другую гадавіну, каб людзі памяталі, што ёсьць такая сумная дата, але й надзея на будучыню.

Прэзэнтацыю гэтых выданьняў - “Супраць плыні”ды “Без палітыкі” - зладзілі ў Польшчы прадстаўнікі арганізацыі “Беларускі дом у Варшаве”, якая прадстаўляе сябе як незалежная Амбасада беларусаў у Польшчы. Мэтай дадзенай прэзэнтацыі было прыцягнуць увагу ды яшчэ раз нагадаць пра тое, што ў Беларусі ў турмах застаюцца палітзьняволеныя. Распавядае адзін зь кіраўнікоў Беларускага дому Алесь Зарэмбюк.

Алесь Зарэмбюк: У Беларусі, на вялікі жаль, працягнваюцца рэпрэсіі. Гэта нягледзячы на тое, што ўжо 2012 год, а не 2010. Многія з тых, каго арыштавалі пасьля 19-га сьнежня 2010-га году, застаюцца ў турме. Рэпрэсіі закранулі шмат людзей, якія прайшлі праз накавальню лукашэнкаўскіх рэпрэсія. Кнігі, якія былі сёньня прадстаўлены, акурат апавядаюць пра гэтых людзей.

Гэта найноўшая гісторыя Беларусі ў тварах. Гэтую гісторыю можна пабачыць на выставе, якая адкрылася ў Беларусім доме. Гэта выстава партрэтаў Андрэя Дубініна, якая паказвае сваякоў палітычных зьняволеных у Беларусі. Гэтаксама як кніжкі, яна паказвае, што быць палітыкам у Беларусі сёньня - вельмі ня проста ды рызыкоўна. Але ёсьць шмат людзей, якія абіраюць для сябе гэты шлях.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Фота
  • Фота 1/4
  • Фота 2/4
  • Фота 3/4
  • Фота 4/4

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё