Сваё 50-годдзе Сяржук Сыс адзначыў прэзентацыяй "Стрэмкі"

Сваё 50-годдзе Сяржук Сыс адзначыў прэзентацыяй "Стрэмкі"


Беларускі праваабаронца і паэт Сяржук Сыс прэзентаваў першую ў сваім жыцці кнігу паэзіі. Праца над зборам вершаў ішла два дзесяцігоддзі.

Лепшыя паэтычныя творы за доўгі перыяд творчага жыцця паэта сабраны ў агульным выданні, што з’явілася ў серыі «Бібліятэка пісьменніка» Саюза беларускіх пісьменнікаў. Кніга была прэзентавана ў дзень народзінаў паэта, якому споўнілася 50 год. Павіншаваць паэта з уласным святам і выдадзенай кнігай вершаў прыйшлі аматары яго паэзіі, сябры і калегі, між якіх Славамір Адамовіч, Алесь Пушкін, Барыс Пятровіч, Эдуард Акулін ды іншыя. Нягледзячы на хваляванне, звязанае з выхадам кнігі, прэзентацыю яе нельга назваць нечаканай. Кажа паэт Сяржук Сыс:

- Нічога тут нечаканага няма. Заканамерны этап майго жыцця, што выйшла гэта кніга. Яна лагічна нарадзілася. Тыя сябры, каторых я запрасіў, каторыя захацелі прыйсці, грэюць мне сэрца. Гэта свята паэзіі, свята чытача і кнігі.

Па словах паэта, вершы, напісаныя ў розныя гады, яднае тэма любові да радзімы. Кніга мае назву «Стрэмка», што з’яўляецца сімвалам паэтычнага болю, як зазначае паэт. Паэзія Сяржука Сыса дагэтуль была знаёма чытачам толькі з перыядычнага друку ды інтэрнэту. Цяпер лепшыя вершы творцы сабраны пад адной вокладкай кнігі «Стрэмка», якая ўжо паступіла ў продаж і дасяжная аматарам беларускай паэзіі.

Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск

Фота budzma.org

Фота
  • Фота 1/4
  • Фота 2/4
  • Фота 3/4
  • Фота 4/4

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя