|
|
Барыс Пятровіч: Мы вырашылі агледзець нашы рэзервы
Саюз беларускіх пісьменнікаў распачынае прыём прац да ўдзелу ў конкурсе маладых літаратараў «Экслібрыс». Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца маладыя пісьменнікі, літаратурныя крытыкі і перакладчыкі ва ўзросце да 35 год.
Літаратурныя працы, якія будуць спаборнічаць між сабой, ахопліваюць розныя накірункі літаратурнай дзейнасці. Прымаюцца празаічныя творы, паэзія, драматургія, літаратурная крытыка, пераклады мастацкіх тэкстаў на беларускую мову, а таксама пераклады твораў беларускіх пісьменнікаў на рускую мову. Літаратурны конкурс «Экслібрыс» праводзіцца ўпершыню і галоўная яго задача - паказаць, якія ж маладыя літаратары ідуць на змену ўжо сталых дзеячоў беарускай літаратуры, кажа старшыня саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.
- Мы вырашылі агледзець нашы рэзервы – хто ідзе на змену старэйшым літаратарам. Таму аб’явілі конкурс менавіта для маладых літаратараў, якія працуюць у розных жанрах. Чакаем шырокага водгуку. Спадзяемся, што будзе значная колькасць удзельнікаў гэтага конкурсу.
Тэксты на конкурс прымаюцца да 1-га траўня на адрас sbp@lit-bel.org, з пазначанай тэмай ліста “Экслібрыс”. У журы конкурса ўвайшлі вядомыя беларускія літаратары, між якіх Эдуард Акулін, Ірына Багдановіч, Алесь Пашкевіч, Андрэй Хадановіч ды іншыя. Па выніках літаратурнага конкурсу «Экслібрыс» будзе праведзена вечарына ўзнагароджвання пераможцаў. Творы фіналістаў будуць надрукаваныя ў часопісе “Дзеяслоў” і газеце “Літаратурная Беларусь”, іх аўтары атрымаюць магчымасць наведаць літаратурныя майстар-класы, якія правядуць вядомыя беларускія пісьменнікі. Па сканчэнні конкурсу пры саюзе беларускіх пісьменнікаў пачне працаваць Школа маладых літаратараў.
Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск