|
|
Вернісаж Вікторыі Ільіной у беластоцкай галерыі "Агарт"
Маляўнічыя краявіды беларускіх прыгарадаў, мястэчак і вёсак пабачылі наведвальнікі выставы карцін Вікторыі Ільіной. Гродзенская мастачка-жывапісец прадэманстравала свае апошнія працы ў Беластоку.
Вернісаж пад назваю “Правінцыя” прайшоў у галерыі "Агарт", дзе ўжо раней свае карціны прадстаўлялі многія беларускія мастакі. Інспірацыяй для Вікторыі Ільіной перад усім ёсць месцы, якія яна добра ведае.
- Любімая мая тэма - гэта невялікае мястэчка. Не дакладна нашае Гродна, а проста правінцыяльны горад, мястэчка, дзе хочацца жыць. І вясковыя тэмы ёсць у мяне. Гэта поле, лес, вясковыя хаты сярод кветак, куды хочацца чалавеку ад гарадскога шуму і натоўпу ўцячы калі-небудзь.
Гэта першая выстава гродзенскай мастачкі ў Беластоку. Раней яе працы былі прадстаўлены між іншым у Іспаніі і Польшчы. “Правінцыя” працуе ў галерыі "Агар" да сёмага лютага. А ўжо праз месяц чарговая выстава. Гэтым разам свае працы прадэманструе гродзенская мастачка маладога пакалення Наталля Лапкіна.
Лукаш Леанюк, Радыё Рацыя, Беласток.
Фота аўтара