|
|
Прэзентацыяй перакладу кніжкі Міхася Андрасюка “Белы Конь” і зборніка паэзіі Дзмітра Шатыловіча адзначылі пачатак новага года сябры літаратурнага аб’яднання "Белавежа". У час сустрэчы былі прэзентаваны таксама іншыя выданні, у тым ліку дзясяты ўжо “літаратурны альманах”.
Гэта зборнік твораў больш чым трыццаці аўтараў – сябраў аб’яднання. Сярод іх з’яўляюцца таксама пісьменнікі з маладога пакалення "белавежцаў".
Як адзначае старшыня аб’яднання, прафесар Ян Чыквін, таварыства ад пачатку існавання адкрытае для маладых творцаў.
- Мы можам падказаць маладым людзям. І гэтага не трэба сароміцца, калі нехта больш дасведчаны, больш вопытны нешта можа падказаць. І было б добра, каб ліцэісты, студэнты даведаліся, што можна папрасіць, каб мы прачыталі і далі ацэнку іх твораў.
У мінулым годзе аб’яднанне "Белавежа" выдала зборнік вершаў “Дачка Ружы” дваццацігадовай Кацярыны Сянкевіч. Гэта наймалодшая дэб’ютантка ў цэлай гісторыі таварыства. У час сустрэчы "белавежцаў" былі абмяркаваны таксама выдавецкія планы. У 2012 годзе выйдзе з друку літаратурны штогоднік “Тэрмапілы”. У далейшай будучыні плануецца таксама выданне “Альманаха” да юбілея - 55-годдзя ўзнікнення "Белавежы".
Лукаш Леанюк, Радыё Рацыя