СБП абвяшчае конкурс маладых пісьменнікаў «Экслібрыс»

СБП абвяшчае конкурс маладых пісьменнікаў «Экслібрыс»


Год 2012 адметны шматлікімі літаратурнымі юбілеямі. Перш за ўсё, гэта 130-годдзе Якуба Коласа і Янкі Купалы і 100-годдзе Максіма Танка. Славутым юбілярам Саюз беларускіх пісьменнікаў прысвячае літаратурны конкурс маладых пісьменнікаў “Экслібрыс”.

Як кажа старшыня пісменніцкай арганізацыі Барыс Пятровіч, гэта не першы літаратурны конкурс, які ладзіць СБП, але “Экслібрыс” – конкурс асаблівы.

Барыс Пятровіч:

- Гэтым разам мы ніякім чынам не абмяжоўвалі будучых удзельнікаў конкурсу апроч узросту. І ўзрост таксама даволі салідны. Так даўно прынята, што ў Саюзе пісьменнікаў маладымі лічацца літаратары да 35 гадоў. Па выніках конкурсу мы хацелі б стварыць нешта кшталту школы маладога літаратара. Весці гэтую школу мы запрасілі вядомых беларускіх пісьменнікаў.

Да ўдзелу ў літаратурным спаборніцтве прымаюцца празаічныя творы, паэзія, драматургія, літаратурная крытыка, пераклады мастацкіх тэкстаў на беларускую мову.

Тэксты на конкурс можна дасылаць да 1 траўня на адрас sbp@lit-bel.org. Творы фіналістаў будуць надрукаваныя ў часопісе “Дзеяслоў” і газеце “Літаратурная Беларусь”.

У журы конкурса “Экслібрыс” увайшлі: Эдуард Акулін, Ірына Багдановіч, Аксана Данільчык, Віктар Жыбуль, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Людміла Рублеўская, Міхась Скобла, Андрэй Хадановіч.

Васіль Кроква, Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя