Лістапад з Уладзімірам Караткевічам на «Радыё Рацыя»

Да 80-годдзя класіка нацыянальнай літаратуры – на вольнай хвалі Радыё Рацыя штодня ў лістападзе – 8.35, 13.35 ды 18.35 паводле беларускага часу.


То быў я сам.
І ветразем надзейным
На ўсё жыццё мне засталася песня.
Дапамажы мне, песня, ў лютых хвалях,
Ў затоцы ціхай, дзе вада цвіце,
Нясі мяне у мора. Я чакаю.

Гэта словы з верша Уладзіміра Караткевіча "На пачатку дарог", там дзе "жанчыны сечкамі таўкуць бадзёра", "пачатак лістапада, ноч глухая", "сумуе яблыка на голым дрэве", "і казкі, казкі, казкі Беларусі". Напісаўшы тут пра сябе, класік вызначыў сваю літаратурную місію – пісаць пра Беларусь такую, якая яна ёсць у народных песнях, паданнях, гісторыях – гераічная, старажытная, рамантычная, светлая, пад белымі крыламі – сапраўдная...

Уладзімір Караткевіч быў, ёсць ды будзе галоўным рамантыкам беларускай нацыянальнай ідэі. Цягам усяго кароткага жыцця кнігу за кнігай Караткевіч ствараў той нацыянальны міф, які іншыя народы пісалі стагоддзямі – раманы, поўныя рамантыкі. Ён стаў нашым нацыянальным, беларускім, Уолтэрам Скотам, Аляксандрам Дзюма і Шарлем дэ Кастэрам у адной асобе.

– У яго прозе, драматургіі, паэзіі выразна гучыць стогн душы, якую разрывае трагедыя роднае зямлі ў бязбожны час, – піша пісьменнік, гісторык ды паплечнік Уладзімір Арлоў. – Словы вострыя, бліскучыя, як клінкі сярэднявечча – ягоная ўлюбёная зброя. Сваімі кароткімі, рэзкімі, моцнымі сказамі, пранікальнымі і паражаючымі, Караткевіч б’е ў самае сэрца – так, што хочацца крычаць ад жаху ці плакаць ад шчасця. Месцамі заміраеш – чытаць проста балюча.

Ён не памёр – як і большасьць ягоных герояў, ён загінуў. Згарэў дарэшты, выканаўшы сваю місію, але дагэтуль бачыцца: у белай, адпрасаванай кашулі, як ён пісаў заўжды, спяшаючыся і баючыся не паспець – адрывіста, востра, аўтаручкай, быццам пяром, Караткевіч расстаўляе кропкі над "і" і знічкі "у" кароткага.

Уладзімір Караткевіч стварыў масавую нацыянальную свядомасць, масавы попыт на беларускую літаратуру, першы феномэн нацыянальнай масавай культуры – і гэта пры тым, што ягоная класіка была элітарнай. Дзясяткі тысяч свядомых беларусаў дагэтуль зачытваюцца менавіта Караткевічам. У адным з інтэрв’ю ён сказаў, якім бачыць свайго чытача:

– Перш за ўсё добрага сэрцам, разумнага, сумленнага, які любіць сваю Айчыну, гуманнага. Выходзіць, пераважна ідэальнага.

У кожнага з тых, хто стварае Радыё Рацыя таксама ёсць свой Караткевіч – гэта альбо любімыя творы, якія ўзгадваеш, напрыклад, седзячы дома лістападаўскім вечарам, альбо тыя асацыяцыі, якія ўсплываюць, напрыклад, гуляючы ў восеньскім парку.

Усё гэта "Лістапад з Уладзімірам Караткевічам на Радыё Рацыя" – адмысловы праект да 80-годдзя класіка нацыянальнай літаратуры.

На вольнай хвалі Радыё Рацыя штодня ў лістападзе – 8.35, 13.35 ды 18.35 паводле беларускага часу.

Улад Грынеўскі, Радыё Рацыя.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя