"Беларускі авангард 1980-х" у серыі "Калекцыя пАРТызана"

"Беларускі авангард 1980-х" у серыі "Калекцыя пАРТызана"


Альбом "Беларускі авангард 1980-х" выдадзены ў серыі "Калекцыя пАРТызана".

Серыю ў 2009-м годзе заснаваў галоўны рэдактар альманаха сучаснага беларускага мастацтва “pARTisan” Артур Клінаў. Да гэтага часу перыяд беларускага авангарднага мастацтва, які прыпадаў на 80-я гады, быў не вельмі добра асветлены, заяўляюць стваральнікі выдання. "Белую пляму" у гісторыі беларускай культуры варта было закрыць ужо даўно, таму з’яўленне падобнага альбому было заканамерным, зазначае Артур Клінаў:

- У 80-ых, быў такі выбух беларускай культуры ў беларускім мастацтве, і шкада, што гэты перыяд, адзін з найбольш яскравых у мастацтве Беларусі 20-га стагоддзя знік, забыўся. Гэта тое, што павінна вярнуцца, быць вядомым, публічным. Кожны інтылігентны беларус мусіць ведаць сваю культуру, і тую эпоху беларускай культуры.

Альбом, які адлюстроўвае творчасць беларускіх андэграўндных мастакоў 80-х гадоў, з’яўляецца чацвёртым выданнем з дадзенай серыі. Першым быў выдадзены альбом “Дванаццаць” Артура Клінава, а ў 2011-м годзе — “Ё Цэслер” Уладзіміра Цэслера і “План уцёкаў” Руслана Вашкевіча. У серыі плануецца выдаць 32 альбомы, якія разам складуць унікальную энцыклапедычную галерэю найноўшай беларускай культуры.

Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя