|
|
Літаратурна-перакладчыцкая вечарына “Ператвор” прайшла ў Мінску ў кнігарні “ЛогвінаЎ”. На імпрэзе былі ўганараваныя пераможцы конкурса маладых перакладчыкаў «Ператвор».
Для ўдзелу ў конкурсе маладым беларускім перакладчыкам было прапанавана папрацаваць з тэкстамі 14-ці сучасных славянскіх празаікаў, між якіх былі прадстаўнікі Украіны, Польшчы, Расіі, Харватыі і іншых краін. Удзел у літаратурным спаборніцтве ўзялі каля 50 маладых беларускіх літаратараў, лепшых з якіх абрала і ўганаравала прафесійнае журы. Ініцыятарам і арганізатарам конкурсу выступіў беларускі філолаг-славіст, перакладчык Сяргей Сматрычэнка.
- Падобныя конкурсы у нас на філфаку ўжо ладзілі, але з канкрэтнай славянскай мовай. Навізна ідэі была ў тым, каб правесті конкурс не з адной канкрэтнай мовы, а з максімуму славянскіх моваў. Сапраўды вельмі парадаваў узровень многіх перакладаў. Сам конкурс мы правялі ўласнымі сіламі, калі будуць у нас сілы, то будзем рабіць і надалей.
На вечарыне цырымоніі ўзнагароджання прагучалі як тэксты канкурсантаў, так і адмыслова запрошаных гасцей ды сябраў журы конкурса, між якіх Лявон Баршчэўскі, Марыя Мартысевіч, Марына Шода і іншыя. У далейшых планах арганізатараў конкурсу перакладчыкаў «Ператвор» пошук сродкаў і выданне выніковага зборніку твораў, куды ўвойдуць лепшыя пераклады твораў 14-ці аўтараў з розных краінаў свету.
Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск.