Вёска Трасцянка будзе складаць свой супольны радавод

Вёска Трасцянка будзе складаць свой супольны радавод


Укласці альбом гісторыі родаў вёскі Трасцянка (гміна Нарва, Гайнаўскага павета) – такая ідэя ўзнікла ў краязнаўца і літаратара, ураджэнца гэтай мясцовасці Віктара Стахвюка.

Паводле яго словаў, гісторыя, якая захавалася ў памяці людзей – мае вялікую каштоўнасць і павінна быць захаваная для нашчадкаў. Галоўнае паспець запісаць і сабраць матэрыялы сямейных архіваў.

- Кожная сям’я - гэта на самой справе непраўдападобна глыбокія карані сямейнага роду. Там вельмі цікавыя лёсы праддзедаў, дзядоў, бацькоў... І я хачу, каб вёска мела поўны альбом усіх тых, хто тут меў свае сялібы. Усіх родаў.

Жыхар Трасцянкі Віктар Петручук выказвае ахвоту падзяліцца гісторыяй свайго роду. І ўжо ведае, што хоча запісаць на старонках альбома дзеля захавання ў гісторыі.

- У нас цікавы быў род, пачынаючы ад прадзеда, дзеда... Мой дзед быў царскім палкоўнікам. А прадзед быў царскім кіраўніком пошты. Бацька таксама быў у рускім войску. У маім родзе шмат цікавых лёсаў.

У святліцы ў Трасцянцы прайшла сустрэча мясцовых жыхароў з Віктарам Стахвюком. Той распавёў прысутным пра багацце гісторыі роднай мясціны і заклікаў усіх далучыцца да збору матэрыялаў да альбома.

Сустрэчу арганізавала таварыства "Трасцянка".

Фота
  • Фота 1/3
  • Фота 2/3
  • Фота 3/3

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя