|
|
Краязнаўчы каляндар Хільмановіча выйшаў па-польску
Беларускі краязнаўчы каляндар Уладзіміра Хільмановіча – цяпер і па-польску.
Як адзначае сам укладальнік, калі з’явілася першае выданне каляндара, яно было скіраванае на беларускага чытача. Ідэя выдання па-польску паўстала ў Беластоку, каляндар выйшаў у серыі Бібліятэка Беларускага Радыё Рацыя.
Пераклад ажыццявіў Марцін Рэмбач, рэдагаваннем і дапамогай у перакладах займаўся Віталь Луба. У выданні выкарыстаныя фотаздымкі Арнольда Тачыскага.
Як адзначае аўтар-укладальнік Уладзімір Хільмановіч, выданне будзе цікавым і польскамоўнаму чытачу:
- Гэты каляндар паспрыяе лепшаму паразуменню сённяшніх беларусаў і палякаў, негледзячы на нейкія спрэчныя, вострыя моманты нашай гісторыі, некаторыя з такіх датаў таксама ёсць, але змешчаныя і славутыя даты нашай супольнай гісторыі, да прыкладу такія, як дзень Грунвальдскай бітвы і інш. З гэтага каляндара таксама вынікае, што мы маем даволі шмат асобаў у нашай гісторыі, якімі ганарацца і беларусы і палякі, менавіта гэтыя асобы лучаць нас з суседзямі.
Уладзімір Хільмановіч кажа, што працуе над папаўненнем календара-даведніка, дадаюцца новыя імёны, у перспектыве – і новыя даты.
Фінансавую дапамогу ў выданні Беларускага гістарычнага календара аказала Маршалкоўская ўправа Падляшскага ваяводства.
Яна Запольская, Радыё Рацыя