|
|
Агучаны лонг-ліст літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца
Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца ў галіне мастацкай прозы, дакументальнай прозы і эсэістыкі будзе ўручаная лепшым аўтарам 2011 года па меркаванні прафесійнага журы.
На дадзеным этапе на прэмію вылучаныя 12 аўтараў, між якіх Андрэй Федарэнка, Ян Максімюк, Лявон Вольскі, Павел Касьцюкевіч, Альгерд Бахарэвіч, Ала Сямёнава ды іншыя. Заснавальнікамі прэміі выступілі амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Мінску, Беларускі ПЭН-Цэнтар і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Літаратурная прэміі Гедройца на сённяшні дзень з’яўляецца адной з нямногіх прэмій у беларускай літаратуры, якая нясе не толькі сімбалічную ўзнагароду, але і матэрыяльную, зазначае адзін з сябраў журы прэміі, старшыня беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч.
- Арганізатарам удалося заангажаваць сур'ёзнага спонсара, таму галоўны пераможца атрымае сур'ёзную матэрыяльную падтрымку. Плюс на кану такія сур’ёзныя рэчы, як замежныя творчыя стыпендыі, магчымасць быць перакладзеным і выдадзеным у Польшчы.
Далейшымі падзеямі прэміі стане абвешчэнне шорт-ліста з 6-ці лепшых літаратараў, якое адбудзецца на пачатку лютага 2012 года. Ушанаванне лаўрэата будзе наладжана 3 сакавіка ў Міжнародны дзень пісьменніка ў Мінску. Сярод мэтаў прэміі, як зазначаюць заснавальнікі - папулярызацыя сучаснай беларускай літаратуры ў Беларусі і Польшчы, падтрымка актуальных беларускіх пісьменнікаў, паглыбленне польска-беларускіх стасункаў у галіне культуры.
Патрон прэміі Ежы Гедройц быў публіцыстам, палітыкам, з’яўляўся ўраджэнцам Мінска і прыхільнікам добрасуседскіх адносінаў паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой і Украінай.
Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя
Фота qwas.ru