Харэўскі вызначыў 100 лепшых твораў айчыннага мастацтва


Вядомы культуролаг Сяргей Харэўскі сустракае Новы 2012 год новай сваёй фундаментальнай кнігай «Сто твораў ХХ стагоддзя». Кніга выйшла ў выдавецтве Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

На 430 старонках аўтар апавядае пра найбольш значныя творы беларускага выяўленчага мастацтва ХХ стагоддзя.

- Гэтая кніжка складаецца з тэкстаў, ужо знаёмых маім чытачам па публікацыях у газеце «Наша Ніва» напрыканцы мінулага ўжо стагоддзя, у часопісе «Arche», у некаторых іншых перыёдыках. Гэта эсэ і нарысы, прысвечаныя розным артэфактам, помнікам, творам беларускага мастацтва ХХ стагоддзя ад Фердынанда Рушчыца да Руслана Вашкевіча, напрыклад.

Аўтар прапануе сваю інтэрпрэтацыю твораў мастацтва, храналогія стварэння якіх ахоплівае ўвесь найноўшы час. Сяргей Харэўскі прадставіў імёны шырока вядомых творцаў, а таксама тыя, што ўпершыню ўведзены ў беларускі культурны кантэкст.

Васіль Кроква, Радыё Рацыя.

Фота budzma.org

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя