Ежы Гедройц стаў патронам новай літаратурнай прэміі


Напрыканцы 2011 года з'явілася на свет новая літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца. Заснавалі літаратурную прэмію Амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Мінску, Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Як паведаміў старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч, яна будзе ўручацца за найлепшую беларускамоўную кнігу прозы.

- Пасля доўгіх і гарачых дэбатаў і дыскусій спыніліся на знакавым імені, на імені Ежы Гедройца – славутага мінчука, а разам з тым дысыдэнта, незалежнага мысляра, выдаўца парыжскай “Культуры”, чалавека, які задоўга да распаду Савецкага Саюза вызначыў на карце палітычнае месца для Беларусі, Літвы, Украіны як суб’ектаў палітыкі і культуры.

Для намінацыі кнігі на прэмію неабходна да 10 студзеня 2012 года даслаць (pen@vessobel.by) або перадаць у сядзібу Беларускага ПЭН-цэнтра (Мінск, вул. Залатая горка, 2-101) падпісаную заяўку ў адвольнай форме, далучыўшы да яе 5 асобнікаў намінаванай кнігі.

Абвяшчэнне і ўшанаванне першага пераможцы адбудзецца 3 сакавіка 2012 года, у Міжнародны дзень пісьменніка. Сярод узнагародаў — магчымасць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпендыі і запрашэнні ў еўрапейскія дамы творчасці.

У склад журы прэміі ўваходзяць вядомыя беларускія пісьменнікі Валянцін Акудовіч, Уладзімір Арлоў, Барыс Пятровіч, Андрэй Хадановіч, Людміла Рублеўская, літаратурны крытык Маргарыта Аляшкевіч, з польскага боку – Адам Паморскі (прэзідэнт Польскага ПЭН-клуба), Пётр Казакевіч (дырэктар Польскага інстытута), Лешэк Шарэпка (амбасадар Польшы ў Беларусі).

Васіль Кроква, Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя