Міхась Андрасюк прэзентуе польскі пераклад "Белага каня"

Міхась Андрасюк прэзентуе польскі пераклад "Белага каня"


Кніга “Белы конь” вядомага беларускага пісьменніка Міхася Андрасюка дачакалася польскага выдання. Перакладам з беларускай мовы заняўся Марцін Рэмбач з Цэнтра грамадскай адукацыі "Польшча-Беларусь".

На сустрэчы з аўтарам у беластоцкім клубе "Лябальбаль" прысутнічалі асобы, якія ведаюць як беларускую, так і польскую творчасць Андрасюка. Як адзначыў Міхась Андрасюк, у кніжцы апісана складанае жыццё жыхароў польска-беларускага памежжа пасля Другой сусветнай вайны.

- Гэта гісторыя памежжа, гісторыя сям’і, на якую нахабна, раптоўна ўплывае вялікая сусветная гісторыя. Раптам за стадолай нашага героя з’яўляецца дзяржаўная польска-савецкая мяжа, пра якую ён ніколі не ведаў, якую ён ніколі не бачыў і не ведае, што ў выніку атрымаецца.  

Сёння ў Гайнаўцы будуць прэзентаваць польскі пераклад кніжкі Міхася Андрасюка “Белы конь”. Сустрэча з аўтарам і перакладчыкам Марцінам Рэмбачам адбудзецца ў Гарадской бібліятэцы ў 17 гадзін.

Лукаш Леанюк, Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя