|
|
Акцыя салідарнасці з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным праходзіць у Мінску. Паэт у дадзены момант знаходзіцца ў хворым стане.
Збор ахвяраванняў для Рыгора Барадуліна праводзіць беларускі журналіст, паэт і грамадскі дзеяч Глеб Лабадзенка. Падобная акцыя ладзіцца ўжо не ўпершыню і ўяўляе сабой збор дабрачынных ахвяраванняў. Кожны ўдзельнік акцыі ў падзяку за ахвяраванне атрымае ў падарунак кнігу Рыгора Барадуліна з аўтографам аўтара.
"Сам Барадулін не прасіў пра гэта, але падобная дапамога ад удзячных чытачоў у дадзены момант будзе не лішняй,"- кажа арганізатар акцыі, Глеб Лабадзенка:
- Я вельмі не хацеў, каб гэта акцыя выглядала, як нейкае спачуванне хвораму старому чалавеку. Гэта найперш - павага, пашана і салідарнасць з любімым паэтам. Удзельнічаюць звычайныя людзі. Адгукнулася каля 350 чалавек. І мне вельмі прыемна, што нас шмат - адэкватных, шчырых, сапраўдных беларускіх беларусаў.
Узяць удзел у акцыі можа кожны жадаючы. Для гэтага неабходна пакінуць сваю замову на кнігу з аўтографам, памер ахвяравання і кантактную інфармацыю на электронную скрыню labadzenka@gmail.com.
Як зазначае арганізатар акцыі Глеб Лабадзенка, вынікі будуць падведзеныя на адмысловай вечарыне, куды будуць запрошаны сябры Рыгора Барадуліна, музыкі, барды і сам паэт. На запланаванай імпрэзе і адбудзецца ўручэнне падпісаных кніг Рыгора Барадуліна іх будучым уладальнікам. Падрабязнасці акцыі можна прасачыць на сайце арганізатара labadzenka.by.
Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск.