|
|
Акцыя ў падтрымку народнага паэта Рыгора Барадуліна
Кожны, хто захоча падтрымаць Рыгора Барадуліна, можа набыць за адвольную цану кнігу з подпісам народнага паэта.
Распачата акцыя ў падтрымку народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Акцыю праводзіць журналіст Глеб Лабадзенка, які абвесціў пра яе пачатак у сваім блогу.
“Акцыя праводзіцца не таму, што Рыгору Барадуліну "няма чаго есьці", а таму, што паэт жыве сціпла, за званне “народнага” атрымлівае даплату ў 105 тысяч рублёў”, - напісаў у сваім блогу Глеб Лабадзенка. Журналіст распавядае пра асноўныя мэты акцыі:
- Выказаць салідарнасць, падтрымку, павагу і падзяку Рыгору Барадуліну. Таму што гэта акцыя не па продажы кніг, гэта акцыя салідарнасці, падчас якой людзі могуць унесці ахвяраванні і выказаць сваю падзяку. За гэта яны змогуць атрымаць у падарунак кнігу з аўтографам. У гэтай акцыі дзве мэты: першая - гэта выказаць салідарнасць з народным паэтам, а другая - аказаць яму максімальна магчымую дапамогу.
Кожны, хто захоча падтрымаць Рыгора Барадуліна, можа набыць за адвольную цану кнігу з подпісам народнага паэта. Па словах Глеба Лабадзенкі, да яго звярнуліся ўжо 180 чалавек. Сярод іх і жыхарка Гродна Іна Севярын:
- Інфармацыя пра тое, што зараз праводзіцца акцыя "Дапаможам Рыгору Барадуліну", з'явілася ўначы. І я адразу даслала замову, ахвяравала грошы. Я гэта зрабіла, таму што разумею, як цяжка жывецца нашым народным паэтам. Яны атрымліваюць не тыя грошы, якія павінны атрымліваць за тую вялікую працу, якую яны робяць.
Нагадаем, у 2008 годзе таксама праводзіўся збор сродкаў для Рыгора Барадуліна. Тады было прададзена прыкладна 500 яго кніг.
Яна Запольская, Гражына Шалкевіч, Радыё Рацыя.