|
|
Тры гады таму не стала беларускай паэтэсы і перакладчыцы Ніны Мацяш. На Брэстчыне яе сябры і калегі штогод ушаноўваюць памяць вядомай зямлячкі.
Ніна Мацяш дэбютавала ў 1962 годзе, аўтарка двух дзясяткаў паэтычных зборнікаў, пераклала творы пра камісара Мегрэ, «Маленькага прынца» Сэнт-Экзюперы, а таксама іншых вядомых творцаў з нямецкай, польскай і украінскай моў. Сябра паэтэсы, адзін з укладальнікаў брэсцкага літаратурнага часопіса “Жырандоля” Алесь Паплаўскі зазначыў, што спадчыну паэткі будуць адкрываць новыя пакаленні:
- Тыя кніжкі і паэтычныя зборнікі, якія яна выдала - узор і прыклад не толькі для паэтаў, як трэба пісаць, але гэта і кніга жыцця для маладзейшага пакалення. І я думаю, што ў яе творах само жыццё Ніны Мацяш. Таму яе кнігі варта чытаць, учытвацца.
У Белаазёрску імя знакамітай зямлячкі далі гарадской бібліятэцы. Таксама ад мясцовых уладаў гучалі прапановы пра стварэнне музея ў кватэры, дзе жыла Ніна Мацяш, ды назваць у гонар яе адну з вуліц Белаазёрска. Але гэтыя пытанні пакуль не вырашаны.