|
|
Сталічная кнігарня “Логвінаў” вырашыла адзначыць 25-годдзе стварання Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя” шэрагам літаратурных імпрэзаў і нават адмысловай музейнай экспазіцыяй. Суполка паўстала напачатку 1987 года.
Нязменным кіраўніком яе быў тагачасны аспірант Інстытута літаратуры Акадэміі навук Беларусі Алесь Бяляцкі.
Арт-дырэктар кнігарні Павел Касцюкевіч паведаміў, што юбілейныя імпрэзы пачнуцца ўжо напрыканцы снежня.
- Зараз святкуем 25-годдзе “Тутэйшых”, цэлыя паўгода будзем святкаваць, нават выставілі палічку, паставілі кнігі. Кожны месяц будуць адбывацца адпаведныя імпрэзы. Мы тут падумалі, можа, музейчык зрабіць “Тутэйшых” невялічкі.
Першая імпрэза з гэтага шэрагу адбудзецца 21 снежня, вечарына будзе прысвечана памяці паэткі Таццяны Сапач. У імпрэзе возьмуць удзел былыя “тутэйшаўцы” Галіна Дубянецкая, Ігар Бабкоў, Славамір Адамовіч, Юрась Пацюпа, а таксама бард пакалення “Тутэйшых” Кася Камоцкая. Пачатак імпрэзы а 19-й гадзіне.