![]() |
![]() |
У агульнаеўрапейскі Дзень замежных моў Інстытут Гётэ ў Мінску сумесна з Міністэрствам адукацыі, культуры і мастацтва Аўстрыйскай Рэспублікі прадставіць чытачам пераклады Брыгіты Шэр на беларускую мову.
Па словах кіраўніка аддзела выкладання замежных моў Інстытута Гётэ Ігара Клічко, прэзентаваць свае творы ў Гродне ды Мінску будзе сама швейцарская нямецкамоўная пісьменніца:
– Брыгіту Шэр мы ўпершыню ўбачылі ў мінулым годзе, калі былі на канферэнцыі выкладчыкаў нямецкай мовы ў Германіі. Яна ўразіла той разнастайнасцю мастацкіх форм, якую яна выкарыстоўвае. Брыгіта Шэр у свой час атрымала адукацыю выкладчыка нямецкай мовы. Выкладала нямецкую мову ў гімназіях, паралельна з гэтым яна захаплялася музыкай, пісала свае тэксты. На сённяшні дзень сабрана шмат яе лірычных тэкстаў, празаічных тэкстаў.
Па словах Ігара Клічко, свята нямецкай мовы, у межах якога і пройдзе прэзентацыя творчасці Брыгіты Шэр, – ужо традыцыйная акцыя Інстытута Гётэ ў Мінску, якая праводзіцца чацвёрты год запар.
У гэты раз арганізатары маюць намер акцэнтаваць увагу на пытаннях варыятыўнасці нямецкай мовы, якая выкарыстоўваецца не толькі ў самой Германіі, але і ў іншых краінах. У Гродне прэзентацыі перакладаў Брыгіты Шэр пройдуць 21-22 верасня ў абласной бібліятэцы імя Я.Карскага, у Мінску - 24-25 верасня ў Інстытуце Гётэ.
А ў кастрычніку ў Мінску пройдуць Дні нямецкага кіно і фестываль "Пантон. Нямецка-беларускія тэатральныя сустрэчы". Паводле кіраўніцы аддзелу культурных праграм Інстытута Гётэ Веранікі Дзядок, у межах фестывалю адбудуцца сцэнічныя чытанні дзвюх сучасных нямецкіх п'ес, перакладзеных на беларускую мову. Гэта п'еса Дэа Лоэр "Жыццё на плошчы Рузвельта" і Марыуса фон Маенбурга "Вырадак", а таксама спектакль Інгрыд Лаўзунд "Офіс", які ўпершыню быў паказаны на беларускай сцэне сёлета ў ліпені.
У межах Дзён нямецкага кіно гледачам будуць паказаныя тры карціны. Фільм Міхаэля Блюмэ "Хайлігендам" паводле твора Томаса Мана будзе прадстаўлены самім рэжысёрам, які таксама правядзе семінар для студэнтаў Акадэміі мастацтваў.
8 кастрычніка гледачы змогуць убачыць карціну Фатыха Акіна "Саліна", 9-га ж кастрычніка будзе паказана дакументальная драма Ханса Крыстофа Блюменберга "Нямецкая гульня", якая прадстаўляе кінахроніку 20-гадовай даўніны: пачынаючы з палёту Міхаіла Гарбачова ў Берлін ў кастрычніку 1989 года на святкаванне 40-годдзя ГДР і да падзення Берлінскай сцяны 9 лістапада таго ж года.
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя