Беларускі ПЭН-цэнтр уручыць свае прэміі


Традыцыйна напрыканцы года Беларускі ПЭН-цэнтр назваў імёны лаўрэатаў прэмій імя Алеся Адамовіча і Францішка Багушэвіча.

Як паведаміла намесніца старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра Марыя Мартысевіч, сёлета чатыры лаўрэаты – кожная прэмія мае двух узнагароджаных.

- Прэміяй Алеся Адамовіча сёлета былі ўганараваныя два чалавекі – журналіст Аляксандр Тамковіч за кнігу-інтэрв’ю з вядомымі беларусамі “Без палітыкі”, другі лаўрэат – Мікалай Мельнікаў, стваральнік музея Васіля Быкава ў Гродне. Прэмія Багушэвіча будзе ўручана Людміле Урублеўскай за раман “Сутарэнні Ромула”, які друкаваўся ў “Дзеяслове”. Другая частка прэміі будзе ўручана Змітру Санько - стваральніку і галоўнаму рэдактару кніжнай серыі «Нашы славутыя землякі».

Лаўрэатамі прэміі ПЭН-цэнтра ў розныя гады былі Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Арлоў, Сяргей Дубавец і іншыя.

Уручэнне прэміі за  2011 год адбудзецца 23 снежня ў мінскім офісе Беларускага ПЭН-цэнтра. Пачатак а 19-й гадзіне.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя