Руслан Вашкевіч прадставіць “План уцёкаў”


Руслан Вашкевіч — адзін з найбольш эпатажных, парадаксальных і нязменна іранічных беларускіх мастакоў. Яго працы прадстаўлялі Беларусь на Венецыянскай біенале, прадаваліся на аўкцыёне Sotheby’s, дэманстраваліся ў галерэях Нью-Ёрка, Парыжа, Мадрыда.

Сёння ў Мінску адбудзецца аўтограф-сесія мастака з нагоды выхаду яго альбома «План уцёкаў» з серыі «Калекцыя паАРТызана». Галоўны рэдактар часопіса “pARTisan” Артур Клінаў паведаміў, што ўвогуле плануецца выдаць 30 альбомаў.

- Гэта адзін з альбомаў серыі "Калекцыя партызана", якую мы распачалі яшчэ ў 2009 годзе, калі выйшаў першы альбом з гэтай серыі. Нарэшце, зрабілі працяг. І другім з гэтай серыі выйшаў альбом Уладзіміра Цэслера, за ім адразу альбом Руслана Вашкевіча. Я планую недзе каля 30 альбомаў. Гэта пераважна будуць аўтарскія манаграфіі або зборнік. Ідэя паказаць усё найлепшае, найцікавейшае, што адбывалася ў сучасным беларускім мастацтве за апошнія 30 гадоў.

Аўтограф-сесія адбудзецца ў сталічнай кнігарні “Логвінаў”. Пачатак а 19 гадзіне.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя