"Дзеяслоў" знаёміць з афрыканскімі літаратурамі


Пабачыў свет снежанскі, 55-ы, нумар літаратурнага часопіса “Дзеяслоў”. Ягонай адметнасцю стала падборка перакладаў твораў з афрыканскіх літаратураў, падрыхтаваная рэдакцыяй электроннага часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”.

Загадчык аддзела крытыкі “Дзеяслова” Анатоль Івашчанка адзначае таксама публікацыю рамана-прыпавесці Алеся Пашкевіча “Сім победиши”. У нумары шмат цікавых і іншых матэрыялаў.

Анатоль Івашчанка:

- У снежанскім нумары “Дзеяслова” чытачоў парадуюць публікацыі як мэтраў беларускай літаратуры – Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Някляева з паэмай "Турма", Вінцэся Мудрова, гэтак і творы іншых цікавых аўтараў. Вельмі востры аповед Евы Вежнавец “Любоў зла” у рубрыцы проза. У нумары ёсць калядны падарунак – кружэлка Таццяны Беланогай, і яе ж падборка вершаў друкуецца ў рубрыцы “паэзія”.

У нумары таксама можна знайсць гутарку Андрэя Масквіна з Алесем Чобатам, юбілейныя нататкі Леаніда Галубовіча пра паэта Брэстчыны Алеся Каско, а таксама рэцензію Алесі Лапіцкай на кнігу Макса Шчура “Лісты знойдзены на папялішчы”.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя