ПНР без макіяжу

Сёньня ў нас у гасьцях гісторык, супрацоўнік Інстытуту нацыянальнай памяці Антоні Дудэк.


Ён аўтар кніжак па найшоўшай гісторыі Польшчы. Піша пра гісторыю Польскай Народнай Рэспублікі. У кожнай сваёй кніжцы ён даступна тлумачыць палякам, чым жа была насамрэч ПНР.

Якой краінай была ПНР без макіяжу? Ці можна адзназначна сказаць, што гэта была шчасьлівая альбо нешчасьлівая краіна?

А. Дудэк: У мяне асабіста вельмі крытычнае стаўленьне да эпохі камуністычнай дыктатуры. Таму я б не сказаў, што гэта была шчасьлівая краіна. Але я ведаю людзей, якія сумуюць па ПНР. Канец 80-х, калі эра ПНР завяршалася, быў выключна фатальны. Аднак пачатак камунізму даў мільёнам палякаў цывілізацыйны аванс. Пасьля Другой сусьветнай вайны Польшча была беднай сялянскай краінай, у людзей не было адукацыі. Камуністы правялі адукацыйную рэвалюцыю. Вынікам індустрыялізацыі стала ўрбанізацыя, мільёны палякаў пераехалі ў гарады. Таму пакаленьне маіх бацькоў магло сапраўды мець адчуваньне, што, нарэшце, ім удалося. Але з канца 60-х стала відавочна, што камунізм перастаў спаўняць эканамічныя чаканьні палякаў. Людзі пачалі пратэставаць, бунтавацца. І калі хтосьці мне кажа, што ў ПРН было цудоўна жыць, то я пытаюся, чаму тады мільёны людзей у 1980 годзе страйкавалі?

Дарэчы, шмат хто кажа, што калі б не камуністы, то палякі й цяпер пераважна пасьвілі б кароў. Ці быў гэты згаданы вамі аванс без камуністаў?

А. Дудэк: Гэта ўсё хлусьня. Канечне, быў бы. У міжваенны час у Заходняй Эўропе былі краіны значна бяднейшыя, чым Польшча. Калі параўнаць Гішпанію, Партугалію й Грэцыю 30-х з канцом 80-х, то бачна, што камунізм ня выканаў чаканьняў людзей. У 1989 годзе гэтыя краіны былі багацейшымі за нас. Калі кагосьці гэта не пераконвае, то прывяду нямецкі прыклад. І ўсходняя, і заходняя часткі краіны былі падчас вайны зьнішчаныя прыкладна аднолькава. Цягам сарака гадоў у ФРГ кіравалі дэмакраты, а ў ГДР – камуністы. Пасьля аб’яднаньня ва ўсходнюю частку краіны ўкладзена 1 трыльён эўра, а людзі ўсё роўна ўцякаюць на захад. Я ўжо не кажу пра Паўночную Карэю.

Мне часта даводзіцца чуць, што гэта расейцы адказваюць за камунізм у Польшчы. Хто будаваў яго ў Польшчы насамрэч?

А. Дудэк: Польшчай кіравалі польскія камуністы, гэта бясспрэчна. Але трэба дадаць, што самі яны ніколі б гэтую ўладу не атрымалі. У Эўропе гэта ўдалося толькі Альбаніі й Югаславіі. Зрэшты, яны вельмі хутка аддзяліліся ад Масквы. Польскія камуністы таксама добра разумелі, што без падтрымкі Масквы яны б ніколі не пратрымліся. Дарэчы, у выніку так і сталася, бо ў з-за перабудовы СССР не сьпяшаўся дапамагаць мілітарна іншым. Захаваліся нават інструкцыі, якія савецкае кіраўніцтва перадавала Польшчы. Зразумела, што гэта палякі кіравалі палякамі, але з чужой падачы. Гэта была польская дыктатура з савецкай ліцэнзіяй.

Дарэчы, праз пару дзён споўніцца 30 гадоў з дня ўвядзеньня ваеннага становішча. Тыя, хто прыймаў рашэньне пра яго ўвядзеньне, сьцьвярджаюць, што ў адваротным выпадку ў Польшчу ўвашлі б савецкія танкі. Ці пагражала палякам у 1981 годзе савецкая агрэсія?

А. Дудэк: Грунтуючыся на шэрагу савецкіх дакумэнтаў, я сьцьвярджаю, што ў сьнежні 1981 году Польшчы не пагражала савецкая агрэсія. Калі б “Салідарнасьць” хацела сілай прыйсьці да ўлады, калі б былі напады на савецкія базы, то СССР, вядома ж, увёў бы танкі. Але нічога такога ў нас не было. Быў ціск з савецкага боку, каб камністычная ўлада самастойна разабралася з “Салідарнасьцю”. Масква баялася, што гэтая “зараза” перакінецца й на іншыя краіны. Менавіта таму на пасаду кіраўніка партыі ў Польшчы паставілі генэрала Ярузэльскага, бо яго папярэднік Станіслаў Каня не пагаджаўся ўвесьці ваеннае становішча. Дарэчы, гэта дзякуючы яму й адбыўся гэтак званы карнавал свабоды альбо карнавал “Салідарнасьці”, калі апазыцыя адчула сябе моцнай.

У нас ёсьць традыцыя, што госьць “Літаратурнай палітры” рэкамэндуе нашым слухачам цікавую кнігу, якую сам нядаўна прачытаў. Што б Вы прапанавалі слухачам Польскага радыё?

А. Дудэк: Я гісторык, таму чытаю пераважна гістарычную літаратуру. Я б параіў пачытаць успаміны Рышарда Бугая, дзеяча “Салідарнасьці”, вельмі заслужанага для найшоўшай гісторыі Польшчы. Пасьля падзеньня камунізму ён спрабаваў стварыць у Польшчы левую партыю “Саюз працы”. Цікавай была б кніжка ўспамінаў пра ІІІ Рэч Паспалітую (Польшча пасьля 1989 – ПР) Аляксандра Галя. У 90-х гадах ён быў міністрам і апісвае ў кнізе Польшчу пасьля 1989 году. Гэта вельмі важны пэрыяд, бо шмат якія рэчы ў Польшчы, якія акутальныя й сёньня, здарыліся менавіта тады й з таго часу застаюцца нязьменнымі.

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё